У планах "Тузін.Unplugged" акустычныя J:Морс, Ляпіс Трубяцкой і Neuro Dubel

Чацвёрты па ліку канцэрт серыі “Тузін.Unplugged” адбыўся на выходных у сталічным Графіці. Гэтым разам паэксперыментаваць з акустычным гучаннем было прапанавана маладому мінскаму гранж-гурту “Мутнаевока” і легендзе беларускага року – цяпер ужо трыа N.R.M. Падобнае “заданне” каманды выконвалі ўпершыню, што па словах Сяргея Будкіна – галоўнага рэдактара інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў”, і ёсць вядучай ідэяй акустычнага “Тузіну”.

Сяргей Будкін: “Мы хацелі паказаць гурты ўсім вядомыя і мала каму вядомыя адначасова ў нейкім нязвыклым фармаце. Таму што некаторыя гурты ўпершыню падрыхтавалі для нашых канцэртаў свае акустычныя праграмы. Акустыка – гэта ўмоўнасць, як мы бачым па выступу “Мутнага вока”, але яны перадумваюць сваю праграму, пераасэнсоўваюць яе і падаюць больш па-хатняму, больш душэўна. Гэта мусіць быць упершыню, і, магчыма, гэтага ніколі не паўтарыцца”.

Сяргей Будкін

Паўстаць у новым выглядзе можа любы гурт, які ўдзельнічаў у чарце “Тузіна”. Часам здараецца, што ў “акустычным варыянце” гурты адкрываюцца наноў, як гэта атрымалася ў выпадку з рэперам Вінцэнтам і гуртом Dali.

Сяргей Будкін: “На мінулым канцэрце я абсалютна ахранеў ад таго, як падаў сябе Вінцэнт і Далі, таму што гэта былі абсалютна іншыя гурты, не тыя, якія я ведаў. Гэта было надзвычайна, і Вінцэнт пасля гэтага канцэрта, я думаю, пойдзе вельм далёка. Гэта рэальна адкрыццё Вінцэнта як музыканта жывога, таму што раней ён не выкарыстоўваў інструменты. І ў гэтым задача – адкрываць па-новаму кожны гурт. Той жа N.R.M.”.

У планах “Тузіна Гітоў” – вялікі фестываль на вольным паветры, а таксама спроба заангажаваць да ўдзелу ў праекце трох найбольш уплывовых кітоў айчыннага року.

Сяргей Будкін: “Вельмі б хацелася пачуць і ўбачыць у акустыцы J: Морс, Neuro Dubel і Ляпіс Трубяцкой – гэта тры гурты, якія, я спадзяюся, паўдзельнічаюць у нашым праекце “Тузін.Unplugged”.

Акустычнымі сэты “Мутнагавока” і N.R.M. на “тузінаўскім”канцэрце можна назваць умоўна. Праўда, “мутнавокаўскім” гранжам гэтым разам амаль не пахла: каманда паўстала ў лёгкім фанкавым гучанні і пакінула самыя прыемныя пачуцці. У жніўні гурт можна будзе пабачыць на вялікім рок-фэсце “Соседний Мир”, што ў Крыму, побач з гуртамі Король и Шут, Ляпіс Трубяцкой, Noize MC і іншымі. А вось на родным “Басовішчы”, па словах фронтмэна Яўгена Змушкі, лідэраў беларускага гранж-руху бачыць не хочуць.

Яўген Змушка: “Мы з імі не ў вельмі добрых адносінах – неяк паспрачаліся з іх пазіцыяй. У жніўні мы едзем на “Соседний Мир”.Там (я не ганаруся зараз, я проста тлумачу) са 120 гуртоў выбралі сем, а з сямі выбралі адзін – “Мутнаевока” для таго, каб прадстаўляць Беларусь на Ўкраіне. А чаму з 23-х гуртоў, якія падалі заяўку на “Басовішча”, выбралі пяць і туды “Мутнаевока” не ўвайшло, каб паспрабаваць свае сілы і заняць першае месца? Таму што гэта не карысна тым, хто вышэй. Набралі маладых гуртоў, якія пакуль што мала што разумеюць, як усё робіцца насамрэч”.

Выступ трыа N.R.M., які часам нагадваў спевы ў караоке-бары, прывёў Еўрарадыё да высновы, што песні N.R.M. патрэбны беларусам, як паветра, і ня важна, хто іх спявае – Вольскі ці Піт, Юрась і Алезіс. Людзі будуць хадзіць на канцэрты і Вольскага і N.R.M., і нават калі кожны ўдзельнік цяперашняга N.R.M. створыць нешта сваё, як гэта адбылося ў выпадку з “Песнярамі”, то ўсё роўна ў людзей не знікне прага спяваць і чуць песні любімыя да болю. Тым не менш, Піт Паўлаў не выключае таго, што новы N.R.M. пазбавіўся часткі адданых фэнаў.

Піт Паўлаў: “Згубіў, але я ўпэўнены, што часова. Таму што проста зараз ёсць пэўны недавер, ці адбудуцца канцэрты наогул, гэта першае, што адпужвае людзей, таму што вельмі шмат адменаў, і нават нас гэта датыкнулася, хаця ні ў такой ступені, як усіх астатніх. Другое, людзі яшчэ пакуль што эксперыментуюць са сваім уласным уражаннем і інтэрнэтам, таму што ў інтэрнэце адно, на канцэрце, як вы бачылі, зусім іншае. Тыя, хто ўжо быў на канцэрце, канешне прыйдуць яшчэ, і паклічуць тых, хто не быў. І ёсць яшчэ трэцяе – гэта справа сур’ёзнай размовы. N.R.M. доўгі час быў ні проста гуртом, а такой рэлігійнай сектай. І вось я думаю, што некаторая частка сектантаў можа сыйсці назаўжды. Шчыра кажучы, мне канешне будзе шкада, таму што я таксама сектант. Але я ўсё ж такі сектант іншай секты – ні N.R.M.а, а Рэспублікі Беларусь".

 

Падчас канцэрта N.R.M. паказалі колькі сваіх новых песень, адна з якіх – з прыпевам “Я пяю: I love you, I love you, I love you” пакінула неадназначныя ўражанні. Хочацца спадзявацца, што гэта сцёб і прыкол, бо несур’ёзна дарослым дзядзькам займацца бязглуздзіцай. І ўсё-такі N.R.M. патрэбны Вольскі, як ні круці. Тулава не можа быць без галавы. Ды і трохгаловаму змею існаваць нялёгка. Праўда, адна дзяўчына сказала, што без Вольскага N.R.M. стаў лепшым. Во як бывае!

P.S. Бліжэйшы канцэрт серыі "Тузін.Unplugged" папярэдне запланаваны на 31 ліпеня. Свае акустычныя сэты маюць падрыхтаваць магілёўскія гурты Akute i Nevma.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі