Нямецкія “левыя” прапануюць забіраць у багатых увесь заробак

130205_eurafokus.mp3

Сацыялісты з нямецкай партыі Die Linke прапануюць увесці 100%-ны падатак на раскошу. Абкласці ім “левыя” плануюць усіх, хто зарабляе больш за 40 тысяч еўра за месяц.

Як піша рэгіянальная газета Mitteldeutsche Zeitung, пра гэта гаворыцца ў перадвыбарнай платформе, з якой партыя Die Linke уключаецца ў парламенцкую кампанію. Выбары дэпутатаў Бундэстага пройдуць паміж 1 верасня і 27 кастрычніка 2013 года.

“Нічый заробак не мусіць перавышаць сацыяльны мінімум больш, чым у 40 разоў”, — заяўляе на прэзентацыі платформы сустаршыня партыі Каця Кіпінг.

“Выбух сацыяльнай няроўнасці забівае дэмакратыю, — падтрымлівае папярэдняга аратара другі сустаршыня Die Linke Бернд Рыксінгер. — Звышпрыбытак у 500 тысяч еўра за год заслугоўвае дэмакратычнага падатку”.

Каб вы разумелі: нямецкія “левыя” — гэта не нейкія там маргіналы з чырвонымі сцягамі ў адной руцэ і кактэйлямі Молатава ў нішай. У Бундэстагу яны займаюць 76 крэслаў з 622, а ў Еўрапарламенце — 8 з 99.

Ідэю раскулачваць заможных сацыялістам падкінуў прэзідэнт Францыі, між іншага — таксама сацыяліст Франсуа Аланд. Пры канцы 2012 года ён прапанаваў абкласці падаткам у 75% тых, хто зарабляе больш за 1 мільён еўра за год. За высокія падаткі для заможных падчас сацыялагічнага апытання выказаліся больш за 60% французаў! У выніку багачы пачалі збягаць з краіны: мільярдэр Бернар Арно паспрабаваў атрымаць грамадзянства Бельгіі, а акцёр Жэрар Дэпардзье пераехаў у Расію.

Што праўда, днямі ініцыятыву Аланда прызналі неканстытуцыйнай, і ён адмовіўся ад сваёй ідэі. Ідуць у адмову і Die Linke. Сёння Каця Кіпінг кажа, што заявы пра падатак у 100% былі ўсяго толькі словамі, якія ў тэкст партыйнага маніфеста не трапілі:

“Мы прапануем, каб максімальная падатковая стаўка складала 53%, як гэта было пры Гельмуце Колі. А калі гадавы прыбытак перавышае 1 мільён, падатак на перавышэнне мусіць скласці 75% з кожнага еўра", — цытуе сустаршыню Die Linke афіцыйны сайт партыі.

Die Linke хочуць распачаць у Еўропе дыскусію пра сацыяльную няроўнасць. Маўляў, гэта непрымальна, калі прыбіральшчыца сыходзіць з кампаніі з заробкам меншым за 1 тысячу еўра за месяц, а мэнаджары атрымліваюць за год па 1 мільёне.

Тым часам заробак дэпутата Бундэстага складае 7,7 тысяч еўра за месяц. Яшчэ 45 тысяч еўра ў год яны атрымліваюць на службовыя патрэбы. І наўрад ці дэпутаты ад Die Linke пералічаюць гэтыя грошы ў фонды дапамогі жабракам.

Фота: lankarra.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі