"Пацярпелая" ад Варламава: Я з задавальненнем з’ездзіла з ім у паездку
Але хто пацярпеў — спярша вызначае следства, а пасля вырашае суд.
У Ленінскім судзе сталіцы судзяць былога кіраўніка “Млына моды” Сашу Варламава. У яго справе аж 353 пацярпелыя!
Але падчас судовых перапынкаў многія з іх нечакана заяўляюць: “Мы не лічым сябе пацярпелымі!”. І скардзяцца, што даводзіцца хадзіць на суд у працоўны час!
Разам з “Млынам моды” дызайнер Алена Лазоўская ездзіла ў Аўстрыю і Чэхію на паказы. За гэтую вандроўку, паводле следства, Варламаў завалодаў сумай у 12 тысяч еўра — сутачныя для ўдзельнікаў паездкі.
“Фінансавых прэтэнзій няма. Я з задавальненнем з’ездзіла ў паездку. Нас везлі бясплатна, кармілі… Я разумею, якія кошты”, — расказвае дызайнер Алена Лазоўская, якая праходзіць па справе як… пацярпелая.
“Млын моды” пасля Сашы Варламава змяніўся, адразу гаворыць дызайнер Наталля, якую я сустракаю на судзе. Паводле следства выходзіць, што яна таксама пацярпела ад мадэльера.
“Не лічу сябе пацярпелай. Выклікалі даваць паказанні, а мы лічымся пацярпелымі. Яны пыталі, што ды як, я ж удзельніца “Млыну”, — адказвае Наталля. І дадае, што ўзровень фестывалю моды без яго стваральніка ўжо не той.
Дызайнер Таццяна, якая ездзіла за мяжу разам з “Млынам моды”, таксама, згодна з версіяй следства, пацярпела ад Варламава. І таксама сама сябе пацярпелай не лічыць.
“Былі больш станоўчыя эмоцыі, якія не ішлі ў параўнанне з матэрыяльнымі. Ну, што там за тыя грошы можна было набыць? Нават у паездку не з’ездзіш”, — гаворыць дызайнерка.
Чаму ж пацярпелыя не маюць прэтэнзій да мадэльера, хоць і пацярпелі ад яго?.. Выходзіць, следства можа само прызнаць чалавека пацярпелым, адказвае на гэта пытанне Еўрарадыё юрыст Павел Сапелка:
“Па крымінальных справах орган, які вядзе працэс, асабліва калі справа адносіцца да публічнага абвінавачання, мае права прызнаць чалавека пацярпелым і дапытаць яго ў якасці пацярпелага. І ўжо справа пацярпелага — даваць паказанні. Ад яго залежыць ацэнка дзеянняў пацярпелага судом”.
Таксама пацярпелы можа звярнуцца з пазовам, каб яму вярнулі грошы, якія ён згубіў, дадае Павел Сапелка:
“Пацярпелы мае права прад’явіць ці не позоў, каб вярнулі шкоду. А вось тое, у якой якасці выступіць на працэсе, — на разгляд органа крымінальнага пераследу ці суда”, — даводзіць юрыст.
Агулам у вандроўках за 2007-2010 гады Варламаў нібы завалодаў сумай у 787 мільёнаў рублёў. На гэта мадэльер адказвае: “Не хапала грошай на паездкі, а сутачныя казалі траціць як заўгодна”.
Фота - Еўрарадыё