Пацярпелы ў “жывым шчыце”: Дачка дагэтуль баіцца, калі нас спыняе ДАІ

121026_luka6uk_64yt.mp3

Не даседзеўшы адзін год з прызначанага тэрміну, на свабоду па амністыі выйшаў герой “жывога шчыта” Раман Мянцюк. А як склаўся лёс іншых людзей, якія мелі дачыненне да здарэння на мінскай кальцавой у 2008 годзе?

Ні Генадзь Дарагакупец, ні Аляксей Ліхтаровіч на працу ў ДАІ так і не вярнуліся. Маёр у адстаўцы Генадзь Дарагакупец распавядае, што ён выйшаў на пенсію і ўладкаваўся на іншую працу. Але па-ранейшаму ўпэўнены: яго з калегам зрабілі крайнімі ў гісторыі з “жывым шчытом”.

Генадзь Дарагакупец: “У газетах з нас зрабілі казлоў о-го-го якімі! Ніхто з намі (з кіраўніцтва. —  Еўрарадыё) не гаварыў. Начальнікам ДАІ рэспубліканскай тады быў Мендзелеў, дык ён адразу выступіў і таксама нас казламі зрабіў —  не пагаварыўшы, нічога не ведаўшы, а выступіў і адразу!”




Нагадаем, 2 сакавіка 2008 года супрацоўнікі ДАІ выставілі “жывы шчыт” з прыватных машын, каб спыніць Рамана Менцюка, які рухаўся па трасе Мінск-Мікашэвічы з хуткасцю 160 кіламетраў у гадзіну. За “перавышэнне службовых паўнамоцтваў” інспектараў Дарагакупца і Ліхтаровіча асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады.

Цяпер былы камандзір 2-га ўзвода аддзела ДАІ Генадзь Дарагакупец сцвярджае не толькі, што ён і яго падначаленыя ні ў чым не вінаватыя, але і  што... ніякага “жывога шчыта” не было!

Генадзь Дарагакупец: “Хто іх спыняў і хто ім там не прадстаўляўся?! Калі там было прадстаўляцца і калі там было каго спыняць? Гэта ўсё —  фуфло!”


Еўрарадыё: “Жывога шчыта”, вынікае з вашых слоў, насамрэч не было?”


Генадзь Дарагакупец: “Натуральна, яго там не было!”


Еўрарадыё: “То, можа, вы проста, як гэта кажуць —  прытармазілі паток?”


Генадзь Дарагакупец: “Ніхто там!... Мы толькі выехалі і не паспелі нічога там нават зрабіць. Я нават, практычна, не паспеў з машыны выйсці, не тое, што там...”


Еўрарадыё: “Як жа тады Мянцюк наляцеў на гэтыя машыны, калі вы ніякага “жывога шчыта” не ставілі?”


Генадзь Дарагакупец: “Ніхто не выстройваў, але... у жыцці так склалася”.

ДАІ вымушаная была заплаціць пацярпелым у “жывым шчыце” 22 мільёны рублёў кампенсацыі. Але потым гэтыя грошы яны запатрабавалі вярнуць у касу ад сваіх звольненых супрацоўнікаў. Паводле слоў Дарагакупца, усю гэтую суму сплачвае ён адзін. Нібыта, яго аднаго знайшлі і яму адпаведныя паперы ўручылі —  Ліхтаровіча, які нідзе не працаваў, нават ніхто не шукаў. А былы камандзір узвода самастойна не здолеў дабіцца, каб былы падначалены выплаціў сваю частку.



Менавіта ў BMW 525 Юрыя Пашкевіча на хуткасці 160 кіламетраў у гадзіну ўехаў VW Golf Рамана Менцюка. Побач з Юрыем у той дзень у машыне была жонка і трохгадовая дачка. Пасля аварыі “бумер” Юрыя аднаўленню не падлягаў. За атрыманую кампенсацыю і страхоўку ён набыў сабе такі ж самы BMW 525 таго ж года. І вельмі абураецца версіі здарэння, якую выказаў былы супрацоўнік ДАІ Дарагакупец —  ён выдатна памятае, хто спыніў яго машыну.

Юрый Пашкевіч: “Гэта быў Ліхтаровіч, дакладна! Малады, смуглявы хлопец. А Дарагакупец —  мужчына ў целе, сталы, з вусамі. Я іх бачыў выдатна. Яны ўсе потым стаялі каля патрульнай машыны з бартавым нумарам семсот дваццаць нейкі там. Гэта была машына Ліхтаровіча і Дарагакупца —  яны першыя прыехалі. А другі экіпаж стаяў крыху ззаду і справа ад іх”.



Дачцэ Юрыя зараз амаль 8 гадоў. Але яна добра памятае тую гісторыю 2008 года. Нават па першым часе вельмі баялася, калі іх для праверкі дакументаў спынялі даішнікі. Усё пыталася: “А нас зараз ніхто ззаду не ўдарыць?”



Што тычыцца вызвалення па амністыі Рамана Менцюка, то Генадзь Дарагакупец прызнаецца: яму ўсё адно, што з ім зрабілася, як яго пакаралі і чаму ўзнагародзілі датэрміновым вызваленнем. У Юрыя Пашкевіча іншае стаўленне. За лёсам Менцюка ён уважліва сачыў і зараз здзіўляецца, як гэтага сістэматычнага парушальніка дысцыпліны маглі амніставаць.

Фота: Дзмітрыя Брушко, http://gazetaby.com/, http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі