Падарункі прэзідэнту выставяць у музеі

Перад Вялікднем Аляксандр Лукашэнка атрымоўвае ў падарунак ад вучняў рудненскай школы карабель і кажа: паставім у Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Еўрарадыё даведваецца, што музей будзе адкрыты ў будынку Адміністрацыі прэзідэнта.

"Там будзе расказвацца пра нашу дзяржаву ў перыяд незалежнасці за апошнія 20 гадоў. Экспазіцыі па культуры, адукацыі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, міжнародным зносінам", — распавядае намесніца дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Ніна Калымага.

Магчыма, будзе нават асобная экспазіцыя падарункаў і ўзнагародаў (медалі, ордэны) Аляксандра Лукашэнкі. Такіх, напрыклад, як пашпарт Беларусі, падараваны БРСМам, ракетка Вікторыі Азаранкі, якой яна выйграла Кубак Крамля.

Еўрарадыё ўзгадвае, што яшчэ дарылі кіраўніку дзяржавы. Дракончыка, распісанага вітражнымі фарбамі, падарыла Ніна Балотнік — навучэнка школы-інтэрната з Радашковічаў. Настаяцель храма з вёскі Ляскавічы ўручыў фарфоравы ківот з іконай Мікалая Цудатворца. Цікава, ці будзе ў музеі падарунак ад намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва — праграма партыі з аўтографам, якую Кастусёў адправіў па пошце. А таксама герб "Пагоня", бел-чырвона-белы сцяг і беларускі буквар для сына Мікалая.

Наколькі вядома Еўрарадыё, адкрыццё музея пераносілася некалькі разоў і цяпер плануецца на канец красавіка. Па чутках у музей не будзе свабоднага доступу для наведвальнікаў.

Фота з музея КДБ у Празе

 

А гэта каб атрымоўваць паказанні

 

Таксама нельга проста ўвайсці з вуліцы ў Музей КДБ, які знаходзіцца ў будынку Камітэта дзяржбяспекі. Туды водзяць толькі студэнтаў некаторых факультэтаў, напрыклад, гістфаку, і маладых супрацоўнікаў, каб "ведалі гісторыю арганізацыі і развівалі ўсё найлепшае, што было закладзена іх папярэднікамі", — кажа яшчэ на адкрыцці былы кіраўнік КДБ Юрый Жадобін. Каб трапіць у музей, Еўрарадыё прапанавалі напісаць зварот з такой просьбай на імя галоўнага чэкіста.

У Музеі КДБ можна пабачыць копіі прыладаў для праслушкі, дэтэктары хлусні XV стагоддзя, дакументы аб дзейнасці рэзідэнтаў за межамі краіны ў перадваенны перыяд. Частка экспазіцыі прысвечана дзейнасці дзяржбяспекі ў пасляваенны час — вышук і знішчэнне банд, расследаванне крымінальных спраў супраць грамадзян, якія супрацоўнічалі з фашыстамі.

З “сакрэтных” музеяў Музей Нацбанку, напэўна, самы адкрыты. Сам будынак — рэжымны аб'ект і ўваходзіць у дзясятку самых ахоўваемых у Беларусі. Але папрасіцца на экскурсію можна: ёсць шанец трапіць туды разам з групамі студэнтаў, альбо можна падаць заяўку ад фірмы.

"Для людзей ён абмежавана адкрыты. Прымаюцца калектыўныя заяўкі ад навучальных установаў і арганізацый", — тлумачаць у Нацбанку.

Музей Нацбанку не зусім звычайны: гэта некалькі розных экспазіцый, у розных месцах, таму для экскурсій распрацаваны маршрут па галоўным банку краіны. Праўда, шмат цікавых рэчаў захоўваецца ў фондах, у якія зараз патрапіць немагчыма.

На галоўным фота БЕЛТА Мітрапаліт Філарэт дарыць Аляксандру Лукашэнку абраз Іаана Прадцечы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі