Падазрэнні ў датычнасці да тэракту з Левінава знятыя?
Пра гэта, па словах кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака, яму паведамілі ў Фрунзенскім РАУС.
Нагадаем, віцебскага праваабаронцу, сябра БХК Паўла Левінава, затрыманага сёння ў Мінску, падазравалі ў датычнасці да тэракту.
Як распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё Алег Гулак, гэтая гісторыя пачалася са званка вядомага актывіста Валерыя Шчукіна. Шчукін паведаміў, што ў мінскую кватэру, дзе ён адзначаў свае народзіны, спрабуе ўварвацца міліцыя. Левінаў накіраваўся туды, каб забяспечыць праваабарону. У выніку 18 чалавек, уключна з праваабаронцам, міліцыянты затрымалі і даставілі ў Фрунзенскі РАУС Мінска. 14 чалавек затым адпусцілі, а чацвярых, у тым ліку Левінава, пакінулі. І на Левінава склалі пратакол, з якога вынікае, што ён падазраецца ў здзяйсненні злачынства. І не якога-небудзь, а тэракту ў мінскім метро!
Бліжэй да вечара падазрэнні як быццам рассеяліся, але канчаткова сітуацыя вызначыцца толькі заўтра.
Гулак не лічыць тое, што здарылася "акцыяй запалохвання" з боку праваахоўнікаў. "Калі хацелі напалохаць, то такім чынам можна толькі насмяшыць", — кажа ён.