Падзеі тыдня. Хто трапіў з Сочы ў Дразды, а хто — у "амерыканку"?

Брудны скандал. Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі праверыла сарціры на зямельных участках буйных спартовых функцыянераў Алега Качана і Ігара Заічкава. І выявіла, што дзве дваравыя прыбіральні пабудаваныя... са скрадзеных матэрыялаў! Кожная каштуе каля 10 мільёнаў рублёў. Еўрарадыё адразу ж паехала шукаць гэтыя элітныя шпакоўні:

У кастрычніку 2012 года Качана і Заічкава зрабілі крайнімі за няўдачы беларусаў на Алімпіядзе ў Лондане. Маўляў, падрыхтоўка алімпійцаў арганізаваная не належным чынам. А цяпер міліцыя сцвярджае, што міністр спорту і памочнік прэзідэнта штодня "па патрэбе" ходзяць з дома ў шпакоўню. Дык што здзіўляцца алімпійскаму правалу? Цікава, што Качан і Заічкаў праходзяць па справе сведкамі. А фігурантамі сталі дырэктар “Уздзенскага лясгаса” і начальнік вытворчага ўчастка “Закрэўшчына” гэтага лясгаса. Менавіта іх вінавацяць у крадзяжы дошак, з якіх вырабленыя прыбіральні.

Цесаком па яйцах. Расійскі неанацыст Максім Марцінкевіч, вядомы як Цясак, прыехаў у Мінск паправіць зрок, а трапіў за краты. Разам з ім у ізалятары апынуліся двое яго паплечнікаў. Адзін з іх, вядомы па мянушцы Малюта, перад затрыманнем двойчы ўваткнуў нож у спіну мінскага антыфашыста, таго ледзь адкачалі.

Антыфашысты падпільнавалі Цесака на ўваходзе ў медыцынскі цэнтр і паспрабавалі абразіць яго, абліўшы мачой з дзіцячых вадзяных пісталецікаў. Але Цясак выхапіў газавы пісталет "удар". Завязалася бойка, якую зафіксавалі камеры відэаназірання. Расійскаму неанацысту, які адкрыта хваліўся, што ходзіць па Мінску са зброяй, пагражае да 7 гадоў зняволення.

Інверсійны след. "Аскепкі" чалябінскага метэарыта прадаюць праз інтэрнэт па кошце да 500 тысяч расійскіх рублёў! Кажуць, што кавалкі баліда зараджаюць ваду і лечаць любыя хваробы. 

Фота: marateaman.livejournal.com.

Тым часам увесь свет у захапленні ад рускіх. "Яны маюць дзясяткі запісаў таго, як ляціць метэарыт, а мы не маем ніводнага відэа пра тое, як сраны самалёт падае на Пентагон!" — абураюцца амерыканцы. А штодзённая сатырычная праграма "The Daily Show" Джона Сцюарта прысвячае метэарыту і "крэйзі рашанс" шыкоўны сюжэт.

Сочы — Мінск. Гэта самы папулярны маршрут мінулага тыдня. З працоўнага візіту (ён жа кароткатэрміновы адпачынак) па Краснадарскім краі вярнуўся Аляксандр Лукашэнка. У Сочы кіраўнік краіны паспеў упасці з гары і, вядома, згуляць у хакей — разам з Колем. Адразу па вяртанні Лукашэнка паабяцаў колькі заўгода бясплатнага лёду ўдзельнікам чэмпіянату свету па велатрэку. А на наступны дзень кіраўнік краіны ўжо распякаў мінскае "Дынама" за нявыхад у плэй-оф КХЛ. Маўляў, пра гульню беларускіх хакеістаў нават чуць сорамна.

Паралельным курсам з Сочы ў Мінск прыехалі — і зніклі кіраўнікі тамтэйшага санаторыя "Беларусь", якіх тэрмінова выклікалі ў сталіцу. Дырэктар санаторыя і яго намесніца "знайшліся" праз пару дзён у турме КДБ.

Падрыўная дзейнасць. Следчы камітэт абвясціў, што ведае, хто ўзарваў самаробнае выбуховае прыстасаванне ля віцебскага КДБ 11 лістапада 2012 года. У злачынстве вінавацяць 42-гадовую жыхарку Віцебска, раней асуджаную за пашкоджанне маёмасці, хуліганства і крадзяжы. Пры ператрусе ў яе быццам бы знайшлі сшытак з запісамі пра выбуховыя рэчывы. Асоба падазраванай пакуль што не раскрываецца.

"Дынама" прадынамілі. 18 лютага хакейнае "Дынама", прайграўшы ў Мінску "Салавату Юлаеву", страціла шансы на выхад у наступны этап Кубка Гагарына. Менеджары клуба знайшлі адразу 30 прычын няўдачы. А засмучаны старшыня федэрацыі хакея Яўген Ворсін паабяцаў... Укінуць у беларускі хакей яшчэ грошай!

А ў ноч на пятніцу параза напаткала і барысаўскі БАТЭ. Топавы беларускі клуб саступіў "Фенербахчэ" з мінімальным лікам і вылецеў з Лігі Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі