Паездка ў Мінск каштавала польскай турыстцы аўтамабіля
А за тое, што жанчына вырашыла адрамантаваць сваё аўто ў Беларусі, ёй яшчэ давядзецца і выплаціць штраф, амаль роўны кошту яе страчанай машыны.
Беларускія даішнікі канфіскавалі аўтамабіль у грамадзянкі Польшчы, мытнікі прадалі яго да суда, а ў самой Тэрэсы Стшэлец анулявалі візу і не выпускаюць з Беларусі, распавядае польскім СМІ муж польскай турысткі. Ці такое магчыма?
“Прынятае рашэнне аб адмове ў выездзе. З улікам таго, што ў яе былі не выкананыя абавязальніцтвы перад мытнымі органамі”, — распавядае Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун.
Вінаватая ў бедах Тэрэсы Стшэлец машына, якая нечакана зламалася ў Беларусі. Польская турыстка пакінула яе тутэйшаму майстру, а сама вярнулася на радзіму, не папярэдзіўшы мытнікаў пра пакінутае тут аўто. Вось гэта і было памылкай. Такім чынам яна парушыла беларускае заканадаўства, распавядае кіраўнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко.
Ігар Пяшко: “Транспартны сродак не можа быць перададзены іншым асобам у карыстанне без дазволу мытнага органа. Яна павінна была звярнуцца ў мытны орган па месцы знаходжання з тым, каб далі дазвол на кіраванне яе транспартным сродкам іншай асобе”.
Насамрэч, Тэрэса пакінула машыну майстру рамантаваць, а не катацца на ёй. Скарыстаўся чужой машынай сын аўтаслесара, а яго затрымлівае ДАІ. І нікога ў беларускіх “кампетэнтных органах” не хвалюе, на якіх умовах турыстка пакінула тут машыну. Яе канфіскуюць і законна прадаюць, сцвярджае начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун.
Аляксей Бягун: “Па гэтым транспартным сродку было рашэнне суда!”
У Брэсцкай мытні крыўдзяцца ў адказ на абвінавачванні, што яны машыну польскай турысткі прадалі да суда.
Брэсцкая мытня: “Мытня не распараджаецца канфіскаванай маёмасцю! Для гэтага ёсць спецыяльная камісія па канфіскаванай маёмасці пры выканкаме. І толькі гэтая камісія пасля рашэння суда мае права пераводзіць у даход дзяржавы гэтыя рэчы — рэалізоўваць іх праз гандлёвую сетку”.
Калі ўсё законна, то чаму Тэрэсу Стшэлец не выпускаюць з Беларусі? Паводле слоў яе мужа, за аўтамабіль коштам 7 200 еўра беларускі бок патрабуе мыту ў памеры… 80 тысяч еўра! Што пытанне мыты абмяркоўваецца, пагаджаецца і Аляксей Бягун.
Аляксей Бягун: “Яшчэ няма пазіцыі па тым, павінна яна ў рамках мытных плацяжоў бюджэту Беларусі альбо не павінна”.
Пра 80 тысяч еўра размова не ідзе, — упэўнівае Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.
Аляксандр Цішчанка: “Зыходзячы з таго, што машына каштавала 7 200, то яе рухавік — не большы за 2 літры. І калі нават нейкую растаможку патрабаваць, то гэта — 7 120 долараў. А 80 тысяч… Нават Lamborghini ўвезці танней будзе!”
Але штраф памерам кошта страчанага аўтамабіля — таксама балюча!
Згодна са словамі Бягуна, пакуль не прынятае рашэнне кампетэнтнымі органамі,ці патрабаваць з Тэрэсы Стшэлец выплаты “карнай” мыты ў беларускі бюджэт. Рашэнне гэта, паводле інфармацыі Еўрарадыё, павінна быць прынятае ўжо сёння.
Тым часам амбасада Польшчы накіравала беларускім “кампетэнтным органам” ноту пратэсту з нагоды забароны грамадзянцы гэтай краіны выязджаць з Беларусі. Адказу польскія дыпламаты пакуль не атрымалі ні з МЗС, ні ад мытнікаў, ні з МУС.
Польскай турыстцы працягнулі забарону на выезд з Беларусі
Фота: http://photo.bymedia.net