"Палац" адсвяткаваў дазволены юбілей

121029_ma6a_palac.mp3

У “Палаца” атрымаўся класны Дзень нараджэння! Як і мусіць быць у заслужанай каманды – з успамінамі, сяброўскімі віншаваннямі, кветкамі, новымі і старымі песнямі. І з аншлагам: тыя, хто здаў квіткі пасля паведамлення пра адмену канцэрту “Палацу”, іх зноў набылі, калі з’явілася навіна пра дазвол імпрэзы. Алег Хаменка быў шчыра рады такой любові публікі. І нават паабяцаў на Каляды зладзіць яшчэ адзін канцэрт.

 

“Думаю, што паспрабуем усё ж зладзіць калядны канцэрт – “Палац” збірае сяброў”. Спадзяюся, адбудзецца ў гэтым годзе. Ну, не ведаю. Можа будзе на 200 чалавек, можа на 20… Галоўнае, каб не на 220”, - жартуе музыка. А мы тым часам выпраўляемся ў людзі па добрыя словы пра юбіляраў.

 

Нязменны трубач гурта Юрась Белякоў

 

“Мне, напрыклад, песні “Палацу” слухаць вельмі прыемна, бо яны сапраўды вельмі добра зробленыя, - разважае кіраўнік студыі “Осмас” Павел Юрцэвіч. -  То бок, калі нават параўноўваць з той жа “Троіцай”, то ні ў якое параўнанне не ідзе. Хаця “Троіца” – гэта таксама крута, але яны зусім пайшлі сваёй дарогай. А “Палац” усё-такі даносіць тую старадаўнюю рэч да непадрыхтаваных розумаў, што таксама добра і правільна. Я ў гэтым бачу ўвогуле асноўную карысць “Палаца”. Гэта папулярызацыя народнай культуры. Вельмі прафесійная, якасная, удалая і вясёлая”.

Нязменны дудар, перкусіяніст, бэк-вакаліст і падтанцоўка каманды Андрэй Хвісевіч

 

Шоўмэн гурта Зміцер Карабач (а таксама баяніст, лірнік і спявак)

 

kamocki.mp3 (віншаванне Алеся Камоцкага)

 

Праграма юбілейнага канцэрту складалася з 4 частак, як і любяць музыкі. Спачатку гучалі хіты і песні з новага альбома “Кола грукатала”. Потым музыкі зайгралі новыя песні ўжо ў акустычным варыянце, чым падрыхтавалі выхад гасцей – “Аляксандры і Канстанціна”, Алеся Камоцкага, Юрыя Несцярэнкі, Анастасіі Шпакоўскай і Ігара Варашкевіча.

“Усё вельмі проста. Я лічу што “Палац” – гэта лепшы беларускі гурт. Вось калі мне сумна ці весела, я заўсёды слухаю “Палац”. Ні “Краму” ні N.R.M.”, ні Змітра Вайцюшкевіча, а “Палац””, - цалкам сур’ёзна кажа Варашкевіч і папярэджвае, што спяваць не будзе - спяшаецца на працу.

 

Ігар Варашкевіч (падарыў бутэльку смачнага напою)

 

warasz.mp3 (віншаванне Ігара Варашкевіча і Юрыя Несцярэнкі)

 

Юры Несцярэнка

 

Алег акампануе на кахоне Несцярэнку:)

Наста Шпакоўская

 

А потым ізноў гучалі песні любові і мудрасці ад “Палацу”. Натуральна, што ўсім было зразумела, што зала РТБД для такога канцэрту замалая, і што “Палац” даўно чакае як мінімум вялікая зала КЗ “Мінск”. І што “Палац” патрэбны не толькі тым, каму за 40, а перадусім моладзі.

“Я не чакала,  што ўсё-такі будзе кантынгент маладзейшы за 40 з плюсам, - здзіўляецца Наталля. - Значыць, усё нармальна. Значыць, мы не дарма працуем, значыць мы закладаем моладзі тое, што трэба, і яны ўбіраюць і вырастаюць сапраўднымі асобамі і грамадзянамі. Я так разумею. Насамрэч, вельмі станоўчыя ўражанні”.

 

 

У актуальнасці “Палацу” ўпэўнены і Алесь Мазанік:


“Я займаюся распаўсюдам беларускай музыкі апошніх дзесьці 10 гадоў. І вось я назіраю пэўную пераемнасць пакаленняў, калі раней слухалі кагосьці аднаго, зараз некага іншага. Але “Палац” застаецца па-за часам. І вельмі добра заўважна, што нават праз 20 гадоў мы назіраем на канцэрце людзей розных пакаленняў. І гэта значыць тое, што іхняя справа сапраўды па-за часам і будзе актуальная і яшчэ праз 20 гадоў”.

 

Бас-гітарыст гурта Зміцер Жыгараў

 

Пад канец пад песень, “якія любяць граць музыкі “Палацу”, публіка-такі не вытрымала і пусцілася ў танцы. А потым стала ў чаргу па аўтографы – тым больш, што Алег паабяцаў паставіць аўтографы ўсім: бабе, дзеду і нават кату Марсіку.

“Канешне, выхваляцца ня сціпла, - кажа стомлены і задаволены Хаменка пасля раздачы аўтографаў. -  Але ў мяне быў настрой вельмі добры. Канешне, вельмі моцна падтрымалі сябры. Гэта неверагодная падтрымка сяброў! І вельмі-вельмі шмат падтрымалі тэхнічна – абсталяваннем. Пры чым, вельмі тэрмінова. І ўсё адбылося. Увогуле, мае хлопцы задаволеныя. Ну то й я павінен быць задаволеным! Самае галоўнае, што падзея адбылася. Гэта важна. Гэта мне самому прыемна. І людзі так, ой, добра як людзі прымалі”.


Не аднаго Алеся Мазаніка, мяркуем, канцэрт зарадзіў добрай энергетыкай і натхніў дзейнічаць і быць беларусам. Еўрарадыё віншуе “Палац” са святам і жадае вясёлых новых песень!

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі