Палітвязень Мікола Статкевіч ідзе кандыдатам у дэпутаты
Ініцыятыўныя групы па вылучэнні палітвязня Мікалая Статкевіча ў кандыдаты рэгіструюць у Віцебскай вобласці.
Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", групы Статкевіча будуць рэгістравацца ва ўсіх 14 акругах вобласці. Прычым у большасць камісіяў дакументы ўжо пададзеныя, кажа Аляксей Гаўруцікаў, аднапартыец Статкевіча (БСДП Народная Грамада). Па яго словах, у ініцыятыўную група ўвайшло ўжо больш за 100 чалавек. Дакументы на рэгістрацыю груп прымаюць ва ўсіх камісіях, нідзе не адмаўляюць.
Па словах аднапартыйцаў Статкевіча, галоўная мэта кампаніі — прыцягнуць увагу да наяўнасці палітвязняў у краіне. Нагадаем, што сам Статкевіч ад снежня 2010 года знаходзіцца за кратамі. Тым не менш палітвязень неаднаразова заклікаў апазіцыю прымаць удзел у выбарах.