Палкоўнік КДБ Анатоль Грамовіч можа трапіць у турму на 11 год
Былы намеснік начальніка КДБ па Брэсцкай вобласці з’яўляецца адным з асноўных фігурантаў гучнай справы мытнікаў з пункту “Заходні Буг”.
Агулам па гэтай справе праходзіць ажно 36 былых службоўцаў. Усе яны абвінавачваюцца ў хабарніцтве, большасці пагражае зняволенне тэрмінам ад 2 да 6 год. Па версіі следства, мытнікі амаль 10 год таму аказвалі бізнэсменам пэўныя паслугі — дапамагалі ўвезці грузы з Еўропы без уплаты мыта ў поўным аб’ёме, піша інтэрнэт-газета naviny.by.
Палкоўнік Анатоль Грамовіч уваходзіць у асобную групу абвінавачаных па гэтай справе. Дзевяці былым службоўцам інкрымінуюць яшчэ і стварэнне злачыннай арганізацыі ды ўдзел у ёй. Іх могуць адправіць у калонію на больш працяглы тэрмін — 11-13 год.
“Справа Грамовіча” была апошняй у практыцы следчага генпракуратуры Святланы Байковай. Справа трапіла ў суд за колькі тыдняў да яе арышту.