Памёр палітолаг Віталь Сіліцкі
Гэта здарылася ўдзень у суботу, 11 чэрвеня. 38-гадовы Віталь Сіліцкі больш за год змагаўся з ракам.
Перанёс аперацыю — яму выдалілі нырку, але, на жаль, пухліна дала метастазы ў лёгкія.
Яго назіралі дактары клінікі ў Бараўлянах. Сябры забяспечылі яго найлепшымі даступнымі лекамі. На жаль, хваробу выявілі на позняй стадыі, а метастазы былі знойдзеныя ў абодвух лёгкіх адначасова. Іх развіццё можна было толькі замарудзіць, але немагчыма было спыніць. З дапамогай Офіса за дэмакратычную Беларусь (Брусэль) Сіліцкі нейкі час лекаваўся ў клініцы ў Бельгіі. Калі стала ясна, што ніякія зацверджаныя лекі не дзейнічаюць, ён нейкі час прымаў эксперыментальныя сродкі, што праходзяць апрабацыю ў ЕС.
Сіліцкі прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь з Бельгіі, дзе праходзіў курс тэрапіі, пасля таго як стан здароўя стаў імкліва горшаць.
Апошнія тыдні ён трымаўся на абязбольваючых марфінах.
За некалькі гадзін да адыходу яго чарговы, апошні раз наведаў праваслаўны святар. Па ягонай волі, гэта быў беларускамоўны святар.
Віталь Сіліцкі быў дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Гэта быў выдатны палітолаг з сусветным рэнамэ. Як грамадзянін, ён быў бясконца адданы Беларусі і беларускасці.
У часе апошняй сустрэчы з сябрамі ён прасіў перадаць лідарам апазіцыі, каб яны ішлі да людзей, ішлі на прадпрыемствы і неслі праўду пра сітуацыю ў краіне і шлях выхаду з яе.
"Я паміраю. Але зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, з якімі я жыў", — сказаў ён сябрам у адзін з рэдкіх момантаў, калі прыйшоў у прытомнасць, паведамляе "Наша Ніва".
фота: generation.by