“Пан-студыя” бярэцца за адукацыю беларусаў і вязе ў Мінск ZAKOPOWER
Дапаможа з адукацыяй "Пан-студыі" таксама гурт “KRIWI”. Сеанс адукацыі адбудзецца 24 лістапада ў Re:Public.
Дзеля таго, каб беларусы пазнаёміліся з культурай сваіх заходніх суседзяў, творчае аб’яднанне “Пан-студыя” разам з Польскім інстытутам у Мінску ладзяць канцэрт польскага гурта ZAKOPOWER. Шэф “Пан-студыі” Зміцер Саладуха бачыць у польскай камандзе сумесь самых станоўчых якасцей.
Зміцер Саладуха: “Ну вось, мы пачалі пошукі нейкія: што зараз такога нескладанага, добра зразумелага, выбітнога, якаснага і польскага, а не ўніверсальнага, мы можам знайсці ў польскай музычнай культуры? Такім чынам мы прыйшлі да ZAKOPOWER, дзе цудоўным чынам, на наш погляд, спалучаюцца якасць, ментальнасць, фалькларыстыка, сучаснасць і ўжо папулярнасць у Польшчы. Прычым, такая вялікая папулярнасць у Польшчы, наколькі нам гэта вядома”.
На сцэну мінскага Re:Public ZAKOPOWER выйдзе ў складзе з 16 чалавек. Польскі аркестр прадэманструе мінчукам свой неверагодны фольк-мадэрн з элементамі попу і року. Таксама ў канцэрце возьме ўдзел гурт “KRIWI”. Па словах фронтвумэн Веранікі Кругловай, сэт легендарнага гурта будзе як заўсёды душэўным і бадзёрым.
Вераніка Круглова: “Гэта будуць фрагменты і нашай новай праграмы, прагучаць і старыя песні ў новых апрацоўках. Мы заўсёды паказваем нейкія сюрпрызы нашай публіцы, таму прыходзьце – не пашкадуеце. Усё будзе ад сэрца, ад душы, з любоўю, па-дамашняму, як звычайна”.
Нагадаем, канцэрт адбудзецца 24 лістапада ў клубе Re:Public. Кошт квіткоў ад 95 да 300 тысяч рублёў. Пачатак у 19.00, Даведкі па тэлефонах: (017) 294 22 22, (044) 794 21 75, (033) 341 22 10.