"Партызан" пад нямецкім кантролем

На прадпрыемстве "Славянскі прадукт" Еўрарадыё патлумачылі, што брэнд належыць нямецкай фірме, якая і прыдумала назву. Цяпер яна разлівае гарэлку ў Беларусі.


"Мы па дамове з імі льем. Па дамове таксама па Беларусі прадаем. Гэта іх фірма, яны пад сваім брэндам размясцілі ў нас замову і разліваюць. Якасць нашай гарэлкі ім вельмі спадабалася і яны выбралі нас".


Пасёлак Шуміліна вядомы партызанскім атрадам падрыўнікоў пад камандаваннем Васіля Чыкава, які пусціў пад адхон 13 эшалонаў, 36 аўтамашын і забіў дзясяткі гітлераўскіх афіцэраў. Камандзір атрада 10 месяцаў быў у нямецкім палоне.


"У Шумілінскім раёне былі партызаны. Дык партызаны на Віцебшчыне паўсюль былі. Гэта партызанская зона была, там і гарнізон у Шуміліне нямецкі быў", — гаворыць гісторык Аляксей Літвін.


У Шуміліне немцы нават адкрылі дзіцячую шпіёнскую школу, яе выхаванцы здавалі партызанаў фашыстам.

Цяпер тут разліваюць гарэлку і прадаюць яе ў Германію пад брэндам "гарэлка з Беларусі" па 9 еўра за літр. Дарэчы, у Мінску яна каштуе 32 тысячы рублёў.


На заводзе ніяк не звязваюць назву гарэлкі з партызанскім мінулым.


"З партызанскімі краямі гэта ніяк не звязана дакладна. Можа, у іх ёсць нейкія асацыяцыі, але ў нас — не. Ну, гэта іх фірма, нам неяк абыякава".


Гавораць, што ў самой Германіі гарэлка пад брэндам "Партызан" прадаецца добра і мае пэўную папулярнасць.


Гэты эліксір быў зроблены на радзіме сапраўднай гарэлкі, гаворыцца на афіцыйным сайце. Зроблены не толькі для рускага горла, але для ўсіх тых, хто б'ецца там у паўсядзённай барацьбе. Ёсць і апісанне партызана. Гэта чалавек, які паўплываў на гісторыю, быў душой радзімы і сімвалам баявога духу і лаяльнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі