Пасля слоў Лукашэнкі забараняць “чарніла” ў Мінску перадумалі
У Мінгарвыканкаме сцвярджаюць, што да адмены рашэння іх падштурхнулі “ўдакладнёныя разлікі эфектыўнасці забароны”.
Па словах начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Аксаны Канстанціновіч, абыйсці гэтую забарону аматары таннага віна змогуць вельмі лёгка.
Аксана Канстанціновіч: “Лакальная забарона малаэфектыўна, бо дзейнічае толькі на тэрыторыі горада Мінска. А на тэрыторыі Мінска размешчаныя два вялікія буйнарознічныя прадпрыемствы — Еўраопт і Bigzz. Яны знаходзяцца па-за тэрыторыяй горада — гэта Мінскі раён і на іх гэтая забарона не распаўсюджваецца. Любы жадаючы сеў на грамадскі транспарт, даехаў і набыў ўсё, што захацеў. Такім чынам той, хто хоча выпіць, ён знойдзе, дзе гэта набыць”.
Да ўсяго, дадае суразмоўца Еўрарадыё, у гэтых гіпермаркетах могуць “затарвацца” тыя, хто сам не п’е, але захоча на гэтай забароне зарабіць. Маўляў, такія гандляры будуць набываць “чарніла”, а потым прадаваць па завышаным кошце тым, хто сам выехаць за Кальцавую не мае магчымасці.
Па словах Канстанціновіч, словы кіраўніка краіны наконт малаэфектыўнасці забароны, не маюць да новага рашэння чыноўнікаў Мінгарвыканкама ніякіх адносінаў. Але адметна, што гэтыя “пераразлікі” імі былі зробленыя 16 лістапада, на наступны дзень, пасля выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт падчас нарады па пытаннях рэфармавання МУС.
Нагадаем, 1 лістапада Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб забароне продажу мацаваных садавіна-ягадных вінаў на тэрыторыі Мінска з 1 снежня 2012 года да 1 лютага 2013 года.
Вытворцы “чарніла”: “Забараняючы продаж віна, улады знішчаюць вінаробства”
Фота — bymedia.net