28 ліпеня — суд над службай "Кнігі — поштай"
Распаўсюдніку беларускіх кніг пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
28 ліпеня ў Кастрычніцкім раённым судзе Мінска а 10-й гадзіне пачаўся суд над Алесем Яўдахам — заснавальнікам службы "Кнігі— поштай". Але ён быў перанесены на 14-ю гадзіну з-за неяўкі сведкаў.
Распаўсюдніка беларускіх кніг і аўдыёдыскаў вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці (артыкул 233 частка 1 Крымінальнага кодэксу). Пакаранне паводле гэтага артыкула — ад штрафа да трох гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, справу на Яўдаху пачаў у траўні 2010 году Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Следчыя выклікалі кліентаў сэрвісу "Кнігі — поштай" і распытвалі, навошта яны пералічвалі грошы распаўсюдніку кніг.
Сам Яўдаха кажа, што ў лютым 2010 года супрацоўнікі Міністэрства па падатках і зборах зладзілі ў яго кантрольны закуп — замовілі некалькі дзясяткаў кнігі "Маладафронтаўцы". Пасля гэтага ў службы "Кнігі — поштай" і пачаліся праблемы.
Фота — interna-praha.cz