Пасылку без даплат расіянін атрымлівае на тысячу еўра, а беларус — на 120
Аўтарастаможку Беларусь ураўнавала з Расіяй і Казахстанам, а ўмовы растаможкі паштовых пасылак нам па нашай просьбе пакінулі ранейшымі.
Ухваляючы ўваходжанне ў Мытны саюз, Беларусь не спяшаецца прыводзіць у адпаведнасць з Расіяй і Казахстанам усе свае мытныя плацяжы. І калі растаможку аўтамабіляў беларускія ўлады ўзнялі да ўзроўню сваіх калег па саюзе, то суму, на якую можна атрымаць пасылку з-за мяжы, для нашай краіны пакінулі без зменаў. Сёння расіяне і казахі без растаможкі могуць атрымаць замежную пасылку на суму да 1 тысячы еўра, беларусы ж — толькі да 120 еўра.
Пра гэта Еўрарадыё расказвае інжынер міжнароднай пошты "Белпошты" Таццяна Бялько.
Таццяна Бялько: “Калі кошт вашай пасылкі ацэнены ў межах 120 еўра, і кошт рэальны, а не заніжаны, то ніякіх дадатковых аплат вам не трэба будзе рабіць. Калі ваша пасылка больш 120 еўра, то тады налічваецца мытнымі органамі мытны падатак. Калі, да прыкладу, пасылка каштуе 400 еўра, то адмінусоўваем ад 400 еўра 120 і ад 280 еўра, якія застаюцца ад першапачатковай сумы, адлічваецца 30% мытнага падатку”.
Такім чынам, за пасылку коштам 400 еўра вам давядзецца заплаціць 84 еўра растаможкі. Але няроўнасць беларусаў з расіянамі і казахамі — не віна "Белпошты".
Таццяна Бялько: “Расія, Казахстан — у іх да 1 тысячы (кошт тавару ў пасылцы, які не трэба растаможваць — Еўрарадыё), а ў нас — 120 еўра. У момант прыняцця і заключэння пагаднення (аб уваходжанні ў Мытны саюз — Еўрарадыё) нашы мытныя службы выходзілі з такой прапановай, каб нам гэтыя 120 еўра пакінулі”.
Але бываюць сітуацыі, калі і растаможка абыдзецца даражэй, і па пасылку давядзецца ісці не ў бліжэйшае паштовае аддзяленне, а ажно ў аэрапорт “Мінск-2”. Гаворка ідзе пра дастаўку з-за мяжы пасылкі не звычайнай дзяржаўнай поштай, а прыватнымі фірмамі экспрэс-перасылкі.
Але з паездкі па пасылку ў аэрапорт складанасці толькі пачынаюцца. Як нечакана высветліў Юрый Цароў, які набыў праз інтэрнэт-краму ў ЗША зімовую куртку і замовіў экспрэс-дастаўку яе ў Беларусь, апроч дарогі да аэрапорта тут дзейнічаюць іншыя разлікі растаможкі. Плюс — дадатковыя плацяжы на месцы атрымання доўгачаканага заморскага падарунку.
Юрый Цароў: “Паводле закона, калі нешта прыйшло экспрэс-дастаўкай, то ў нас гэта абкладаецца растаможкай — у тым выпадку, калі кошт пасылкі вышэй за 10 еўра. Такім чынам, дадаюцца такія плацяжы, як растаможка, потым — афармленне розных дакументаў накшталт дэкларацыі. Плюс — аплачваеш пропуск за ўезд у мытную зону, бо гэта ахоўваемая тэрыторыя. Плюс — неабходна заплаціць за захоўванне на мытным складзе. І гэта ўсё абышлося мне без кошту паліва дзесьці каля 180 тысяч”.
Як тлумачыць супрацоўніца "Белпошты", уся розніца ў тым, што тавары, якія дастаўляюць кампаніі экспрэс-дастаўкі, лічацца ў нас... грузам.
Таццяна Бялько: “Гэта прыватная кампанія займаецца арганізацыяй перасылак, і праз яе ідзе не як паштовае адпраўленне, а менавіта як груз”.
А на груз і ўмовы растаможкі іншыя! А паколькі гэта груз, то і дастаўляюць яго на бліжэйшы грузавы склад мытнікаў — побач з аэрапортам.
Што ж тычыцца таго, чаму следам за аўтарастаможкай Беларусь не ўраўнавала з Расіяй і Казахстанам умовы растаможкі паштовых пасылак, то атрымаць каментар на гэты конт з Мытнага камітэта не ўдалося.