Пефціева адхілілі ад кіравання “Белтэхэкспартам”, каб сысці ад санкцый ЕС?
Афіцыйна пацверджаная інфармацыя аб змене ўладальніка кантрольнага пакета групы кампаній ЗАТ “Кіруючая кампанія “Белтэх Холдынг”.
У гэтую групу таксама ўваходзіць “Белтэхэкспарт” — найбуйнейшая ў Беларусі кампанія, якая займаецца экспартам/імпартам прадукцыі ваеннага прызначэння. Як пазначана на сайце арганізацыі, “уладальнікам кантрольнага пакета акцыяў групы кампаніяў стаў расійскі бізнэсмен, выпускнік Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ Гурыновіч Дзмітрый Фёдаравіч. Пефціеў Уладзімір Паўлавіч цалкам спыніў свой удзел у дзейнасці пазначанай групы кампаніяў”.
Адзначаецца таксама, што змену ўласніка ажыццявілі ў межах інтэграцыі Расіі і Беларусі ў галіне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Гэта сведчыць пра ўзмацненне адкрытасці дзвюх краін, а таксама выклікае ўпэўненасць, што ЗАТ “Белтэхэкспарт” выйдзе на прынцыпова новыя пазіцыі на сусветным рынку, гаворыцца ў паведамленні.
20 чэрвеня 2011 года Савет ЕС пашырыў “чорны спіс” беларускіх чыноўнікаў, звязаных з парушэннем правоў чалавека. У спіс трапіў і Уладзімір Пефціеў, якому належалі тры кампаніі “Белтэхэкспарт”, “Спорт-пары” і “БТ Тэлекамунікацыі”. У дакументах ЕС Пефціеў пазначаны як асоба, звязаная з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі і як ключавы спонсар рэжыму. У дачыненні да яго кампаніяў былі ўведзеныя санкцыі ЕС — якраз на падставе таго, што яны належалі Пефціеву, інфармуе БелаПАН.
Фота: bymedia