Першы віцэ-прэм’ер прызнаў неабгрунтаванасць росту заробкаў
Уладзімір Сямашка лічыць, што адной з прычын фінансава-эканамічнага крызісу ў краіне стаў рэзкі рост заработнай платы ў снежні 2010 году.
Яшчэ дзве прычыны крызісу — гэта падвышэнне коштаў на энерганосьбіты і памылковая манетарная палітыка Нацбанку. Такія прызнанні намеснік кіраўніка ўраду зрабіў на сустрэчы з работнікамі Беларускага металургічнага завода, перадае Interfax.by.
Выступаючы на БМЗ, першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што зараз у Беларусі распрацаваная "праграма дзеянняў, якая дазваляе да канца году стабілізаваць сытуацыю ў краіне". Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што тэмпы росту заробкаў у арганізацыях і на прадпрыемствах не павінны апярэджваць тэмпы росту прадукцыйнасці працы.
Разам з тым ён сцвярджае, што тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва расці не будуць.