“Платформа” будзе адсочваць парушэнні правоў зняволеных
Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа” абвясціла аб сваім новым праекце — “Маніторынг правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі”.
Нагодай для гэтага сталі ўсё больш частыя выпадкі інфармацыі аб фактах парушэння законных правоў вязняў. Гаворка ідзе пра выпадкі катаванняў, жорсткага, негуманнага і прыніжальнага для чалавечай годнасці абыходжання, паведамляе сайт арганізацыі. Таксама згадваюцца парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў у месцах пазбаўлення волі і адмовы праваабаронцам і прадстаўнікам недзяржаўных арганізацый у доступе ў турмы.
Інфармацыю пра тое, што адбываецца ў канкрэтнай калоніі ці ў СІЗА, мяркуюць атрымліваць ад зняволеных, якія выйшлі на свабоду. Таксама прадстаўнікі “Платформы” наладжваюць працу са сваякамі асуджаных, адвакатамі і праваабаронцамі.