Пра падзеі 25 сакавіка ў Мінску даведаліся ўдзельнікі Брусэльскага Форума
25 сакавіка адкрыўся Брусэльскі Форум, які сабраў палітычную, эканамічную і інтэлектуальную эліту свету.
У гэтым годзе, як стала вядома "charter97", Беларусь на форуме прадстаўлялі кіраўнік фонду "Мы памятаем" Ірына Красоўская, кіраўнікі Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда і Мікалай Халезін.
Арганізатары згадалі, што на форуме па розных прычынах не могуць прысутнічаць людзі, якія былі яго "візітоўкай". У іх ліку — экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, які арыштаваны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
На форуме прайшла дыскусія на тэму "Ці правалілася заходняя палітыка на Сярэднім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы?". За дыскусіяй праз тэлеканал BBC Word сачыў увесь свет, і тады з аўдыторыі прагучала пытанне, зададзеные Наталляй Калядой: "Ці не правалілася палітыка Захаду ў дачыненні да Беларусі?".
У адказ Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх сувязях Кэтрын Эштан і амерыканскі сенатар Джын Шахін заявілі, што ціск на ўлады Беларусі не спыніцца, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя.
На Брусэльскім Форуме выступіў таксама старшыня Еўрапейскага Савета Хенрык ван Рампей. Прэзідэнт Еўрасаюза выказаў сваю салідарнасць і падтрымку ўсім, хто сёння змагаецца за свабоду Беларусі ў Дзень Волі.
Пасля атрымання інфармацыі аб тым, што 25 сакавіка ў Беларусі прайшлі масавыя прэвентыўныя арышты, пра гэта былі паінфармаваныя ўсе дэлегаты форуму, уключна з прэзідэнтамі і кіраўнікамі МЗС краін Еўрасаюза.