Пра сустрэчу па выбары адзінага кандыдата прэтэндэнты даведаліся ад СМІ
Як высветлілася, абмяркоўваць гэта пытанне 2 лістапада прэтэндэнты не плануюць.
Уладзімір Някляеў і Яраслаў Раманчук толькі ад СМІ даведаліся пра
тое, што сёння яны збяруцца з астатнімі прэтэндэнтамі, каб выпрацаваць
мадэль абрання адзінага кандыдата. Як паведамляў учора прэтэндэнт ад
Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, такая сустрэча павінна была прайсці
адразу пасля размовы з міністрамі замежных спраў Польшчы і Нямеччыны.
Нават называўся дакладны час – 2 лістапада, 16.50.
“Учора на
сайце са здзіўленнем я прачытаў, што мы сёння сустракаемся яшчэ і самі.
Пасля сустрэчы з міністрамі замежных спраў Нямеччыны і Польшчы, – здзіўляецца Ўладзімір Някляеў. – Прычым,
гэта выглядае так, што гэтыя міністры нам скажуць, пальцам пакажуць,
каго мы тут павінны выбіраць і мы гэтым зоймемся. Такой дамоўленасці не
было. Можа, хто-небудзь дамовіўся без мяне, можа быць”.
І
дадаў, што пакуль была дамоўленасць сустрэцца ў пятніцу, запрасіць на
гэтую сустрэчу журналістаў і ў іх прысутнасці гаварыць “пра нейкі крок
да магчымага аб’яднання па вылучэнні адзінага кандыдата праз плошчу”.
Мітынг прызначаны на 24 лістапада, калі будуць аб’яўленыя вынікі
рэгістрацыі прэтэндэнтаў у прэзідэнты.
Гэта заява Някляева выклікала абурэнне прэтэндэнта ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
Рыгор Кастусёў: “Я
ж, здаецца, памяць яшчэ не згубіў! Падчас сустрэчы ў амбасадзе Літвы,
мы там 1 гадзіну 45 хвілін чакалі прэзідэнта Далю Грыбаўскайтэ ў
пецярых: я, Раманчук, Рымашэўскі, Саннікаў і Някляеў. За гэты час мы
дамовіліся, што пасля здачы падпісных лістоў, мы сустрэнемся ў гэтым жа
самым фармаце, кале нехта да нас далучыцца, то няхай далучаецца, і
працягнем нашы перамовы. Так, натуральна, мы не вызначалі тэматыку
перамоў, але тое, што мы прызначылі адказным Някляева за арганізацыю
гэтай сустрэчы – гэта дакладна!”.
І заявіў, што пра сустрэчу ў
пятніцу, чуе ў першыню. Праўда, пасля прызнаўся, што дамаўляючыся ў
амбасадзе Літвы пра будучую сустрэчу для перамоў па выхадзе на адзінага,
яны не называлі дакладны яе дзень. І адкуль ўзялася яго ўпэўненасць у
тым, што гэта будзе 2 лістапада ў 16.50 не патлумачыў. Маўляў,
дамовіліся, што сустрэча для перамоў адбудзецца адразу, як толькі будзе
нагода. А менавіта сустрэча з міністрамі і ёсць такой спрыяльнай
нагодай.
Абурэння Кастусёва не зразумеў і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.
Па яго словах, ніякай дамоўленасці пра пачатак перамоў пасля сённяшняй
сустрэчы сапраўды не было. Ды і не гатовыя прэтэндэнты яшчэ да іх.
Яраслаў Раманчук: “Такія
рэчы павінны абгрунтоўвацца, абмяркоўвацца. У людзей ёсць нейкія планы.
Як так можа быць?! Мы сёння паглядзім адзін на аднаго і высветлім, што
Кастусёў меў на ўвазе. Ён так дзіўна інтэрпрэтуе размову пры чаканні. Не
было там абмеркавання мэтаў і дата не называлася – нічога!”
Затое пры магчымасць сустрэчы прэтэндэнтаў у прысутнасці журналістаў для пачатку нейкай размовы пра адзінага ў пятніцу, Раманчук чуў. І ў яго планах час на гэтае мерапрыемства запланаваны, расказаў палітык Еўрарадыё.
Фота: svaboda.org