Праекты маладых дызайнераў з Беларусі фінансуе польскі МЗС

Некалькі дзён таму завяршылася падача заяваў ахвотных на ўдзел у гэтым праекце. Паводле арганізатараў , заяваў пададзена ў некалькі разоў болей, чым месцаў у праекце, і цяпер стаіць нялёгкая задача: як мага больш аб’ектыўна ацаніць праекты і абраць з іх самыя вартасныя. Гаворыць каардынатарка праекту з польскага боку Моніка Самарай.

Самарай: “Заяваў на ўдзел у праекце мы атрымалі нашмат больш, чым маем месцаў. І гэта вельмі добра, гэта сведчыць пра зацікаўленасць нашым праектам і ў Польшчы, і ў Беларусі. Мы шукалі для праекта студэнтаў-дызайнераў, якія, як мінімум, скончылі другі курс, а таксама выпускнікоў па спецыяльнасці дызайн, праектаванне альбо архітэктура. Яшчэ вельмі важным патрабаваннем да ўдзельнікаў праекту было веданне замежных моваў, каб палякі і беларусы маглі без праблем між сабой паразумецца. Кожны даслаў запоўненую анкету, у якой мы пыталіся, чаго маладыя дызайнеры чакаюць ад супрацоўніцтва з намі і ці маюць яны досвед у дызайнерскіх праектах”.

Кожны з шаснаццаці ўдзельнікаў этна-праекта на прыканцы мусіць зрабіць па дзве дызайнерскія працы, адна з якіх павінна быць створана пад уплывам польскага фальклору, іншая – беларускага. Як гаворыць каардынатарка праекта з беларускага боку Алена Трафімава, з гэтай мэтай цягам тыдня маладыя дызайнеры прабудуць спачатку ў Польшчы, а потым на тыдзень завітаюць у Беларусь.

Трафімава: “Этна-дызайн у Беларусі практычна не развіты, але выклікае ў людзей цікавасць. Нашыя семінары разлічаны на два тыдні. У Беларусі ўдзельнікі праекту будуць наведваць этнаграфічныя музеі, будуць сустракацца з мастакамі, рамеснікамі, дызайнерамі, якія займаюцца гэтай тэмай”.

Ужо ў верасні шаснаццаць адабраных для праекта маладых дызайнераў сустрэнуцца ў Варшаве, дзе і пачнуць знаёміцца з польскім этна-дызайнам. Па словах арганізатараў, вынікам усяго праекта павінна стаць выстава іх працаў, якая адбудзецца ў сталіцы Польшчы 19 лістапада сёлета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі