Прафесар БДУ атрымлівае ў 17 разоў менш за лётчыка
Пілоты атрымліваюць у 10 разоў больш, чым у сярэднім налічыў Белстат, шахцёры з забою – у 2,5 разы, пластычныя хірургі – у паўтары.
Не паспеў “Белстат” паведаміць, што сярэдні заробак у сферы паветранага транспарту складае амаль 4,5 мільёнаў рублёў, як генеральны дырэктар “Белавія” Анатоль Гусараў удакладніў – пілоты маюць заробак 50 мільёнаў. Супрацоўнікі “Белавія” пацвярджаюць словы свайго гендырэктара.
Супрацоўнік Белавія: “Той, хто працуе не так даўно, атрымлівае не нашмат менш. Але дзесьці такія лічбы сапраўды існуюць. Усё залежыць ад стажу, ад досведу, ад кваліфікацыі – ёсць той, хто лётае 20 гадоў, і той, хто лётае 2 гады. У іх жа, вядома, будзе розніца ў заробку”.
Еўрарадыё даведалася, дзе дадзеныя Белстата “утойваюць” рэальныя заробкі пэўных спецыялістаў.
Больш, чым у сферы паветранага транспарту, сцвярджаюць дзяржаўныя статысты, у верасні атрымлівалі на вытворчасці нафтапрадуктаў - 5,1 мільёны. Галоўны бухгалтар “Мазырскага НПЗ” Таццяна Русава тлумачыць – яшчэ невядома, што будзе з кастрычніцкім заробкам
Таццяна Русава: “ У нас была вялікая выплата ў верасні – мы вам паказалі такі вялікі заробак. Але ж гэта не азначае, што мы стабільна, штомесяц такую атрымліваем”.
Як даведалася Еўрарадыё, высокакваліфікаваныя спецыялісты і кіраўнікі НПЗ атрымліваюць нават крыху менш за 4 мільёны.
Таццяна Русава: “Каля 4 мільёнаў (заробак высокваліфікаваных спецыялістаў, –Еўрарадыё). Нават на 4 мы не выйшлі... Ну, але 4 мільёны ў сярэднім”.
Шахцёры, паводле Белстата, атрымліваюць крыху больш за 3 мільёны. Які найвышэйшы заробак, на “Беларуськаліі” не кажуць. Адказ памочніка генеральнага дырэктара Уладзіміра Кучарава быў кароткі.
Уладзімір Кучараў: “Я не магу казаць пра заробак. Дакладней – не буду казаць пра заробак”.
Шахцёр Сяргей кажа, што ў іх брыгадзе людзі атрымліваюць да 8 мільёнаў.
Сяргей: “Забойная група найбольш высокааплачваемая – дзесьці ў межах 6-7 мільёнаў атрымліваюць у залежнасці ад адпрацаваных змен. Могуць да 8 дацягваць”.
Найменшы сярэдні заробак атрымліваюць сяляне – каля 1,5 мільёна. У пошуках большых заробкаў звяртаемся ў адну з лепшых гаспадарак краіны СВК “Прагрэс-Вярцелішкі”. Бухгалтар Данута Мазуркевіч ахалоджвае – лепшае па паказчыках не азначае лепшых заробкаў.
Данута Мазуркевіч: “Лепшае па паказчыках вытворчых! Але ў нас жа ўсе усталяваныя цэны – сацыяльна значная прадукцыя! Адпаведна, мы не можам закласці высокі заробак у кошт рэалізацыі, плюс прыбытак – не можам! Мы вырабляем прадукцыю са стратамі”.
Падчас уборачнай заробак дасягаў 6 - 7 мільёнаў.
Данута Мазуркевіч: “Даярка ў нас атрымлівае 1 мільён 865 тысяч, механізатары – 2 мільёны 215, кіроўцы – 1 мільён 625. А падчас уборачнай у нас быў мільёнаў па 6, па 7 заробак”.
За працу ў сферы аховы здароўя Белстат налічыў сярэдні заробак менш, за 2 мільёны. Еўрарадыё звярнулася да спецыялістаў бадай найвышэй аплачваемых сярод медыкаў – пластычных хірургаў. Але і там заробкі далёка не дацягваюць да заробка лётчыкаў, прызнаецца супрацоўніца “Клінічнага цэнтра пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі” Марына Рыжэвіч.
Марына Рыжэвіч: “Магу сказаць, што нашы высокакваліфікаваныя хірургі атрымліваюць больш за 2 мільёны. У паўтары разы больш”.
Каля 2 мільёнаў, па афіцыйных дадзеных, атрымліваюць і ў сферы адукацыі.
У Белдзяржуніверсітэце заробкі не на шмат перавышаюць гэтую лічбу, прызнаецца кіраўнік прэс-цэнтра Вольга Шчадрына. Усе выкладчыкі цягам апошніх 9 месяцаў атрымлівалі ў сярэднім каля 3 мільёнаў.
З такімі заробкамі самалётамі не палятаеш.