Пракуратуру просяць праверыць вылучэнне кандыдата Савановіча
Пікантнасць сітуацыі ў тым, што да дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Міхаіл Савановіч быў старшынёй Мінгарсавета.
Кандыдатам у дэпутаты яго, нібыта, вылучылі работнікі ЖЭС-48 ЖРЭА-1 Фрунзенскага раёна сталіцы. Аднак самі работнікі кажуць, што не вылучалі Савановіча. На выбарах у Кальварыйскай акрузе №104 ён быў абвешчаны пераможцам.
Заяву ў пракуратуру Мінска з просьбай праверыць, ці законна быў вылучаны кандыдат Савановіч, падаў майстар ЖЭС-48 Павел Спірын. Да яго далучыліся яшчэ дзевяць супрацоўнікаў арганізацыі. Работнікі ЖЭС кажуць, што сходу па вылучэнні не было, а ўсё было зроблена паводле каманды кіраўніка ЖРЭА-1 Фрунзенскага раёна Васіля Шашка. На гэтага начальніка работнікі просяць пачаць крымінальную справу па артыкуле 192 Крымінальнага кодэкса ("Парушэнне заканадаўства пра выбары, рэферэндум, пра адкліканне дэпутата і пра рэалізацыю права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян").
Карэспандэнту парталу TUT.BY дырэктарка ЖРЭА-1 Ганна Ягоршава заявіла, што не ведае аб правядзенні такога сходу. Яна пацвердзіла наяўнасць майстра Паўла Спірына. Праўда, кажа дырэктарка, зараз гэты майстар на працу не выходзіць, яго месцазнаходжанне невядомае, і датэлефанавацца яму ЖРЭА не можа.
Фота — minsk.gov.by