Праваабаронца: Затрыманых анархістаў спрабуюць дыскрэдытаваць!
Ні ў падпале расійскай амбасады, ні ў іншых чатырох падпалах хлопцы, затрыманыя па так званай "Справе анархістаў" не прызналіся
Абвінавачанне хлопцам, затрыманым па падазроне ў нападзе на расійскую амбасаду ў Мінску, яшчэ не змянялі. Пакуль што іх па-ранейшаму абвінавачваюць у хуліганстве, паведаміла ў эфіры Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка:
Наста Лойка: "Наколькі я высветліла ў сваякоў затрыманых — новае абвінавачанне яшчэ не прад'явілі. Адзін з бацькоў быў датэлефанаваўся да следчага, і следчы пацвердзіў, што абвінавачанне збіраюцца змяніць. Але што яно ўжо змененае — такой інфармацыі няма! Наколькі я ведаю, ні Ігару Аліневічу, ні Мікалаю Дзядку новае абвінавачанне яшчэ не прад'яўлялі".
Пра тое, што абвінавачанне перакваліфікаванае ў "наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным чынам арганізаванай групай" (ч.2 і ч.3 арт.218 Крымінальнага кодэкса) Наста Лойка даведалася са свежага нумару інтэрнэт-газеты "Ежедневник", у якім змешчаны вялікі артыкул пра так званую "Справу анархістаў". Там жа сцвярджаецца, што юнакоў, падазраваных у нападзе на расійскую амбасаду, цяпер вінавацяць яшчэ ў чатырох падпалах. Але па звестках праваабаронцы, ні Аліневіч, ні Дзядок не прызнаюць свайго ўдзелу ў гэтых падпалаз, здейсненых у 2009 — 2010 гадах у Мінску і Салігорску.
Артыкул у "Ежедневнике" Наста Лойка лічыць "вельмі дзіўным". "Напрыклад, у ім пра падазраваных па справе нападу на расійскую амбасаду пішуць як пра вінаватых. Але гэта супярэчыць прэзумпцыі невінаватасці! Сцвярджаць, што чалавек вінаваты ў чым-небудзь, можна толькі пасля рашэння суда. Таму гэты артыкул я лічу спробай дыскрэдытаваць затрыманых па "Справе анархістаў", як яе называюць у прэсе".
Наста Лойка ўпэўненая, што хлопцы знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. "Затрымлівалі іх менавіта згодна з палітычнымі поглядамі, дык чаму ж зараз яны ператварыліся ў простых хуліганаў?" — здзіўляецца праваабаронца.