Праваабаронцы спрабуюць даведацца, дзе пахаваны Уладзіслаў Кавалёў
Ад часу расстрэлу прайшоў год. Ён арыентыровачна адбыўся з 11 па 15 сакавіка 2012 года.
Праваабаронцы разам з маці Уладзіслава Любоўю Кавалёвай будуць дамагацца раскрыцця месца пахавання расстралянага і выдачы цела.
Вось што заявіў Раман Кісляк:
"Ад сёння мы пачынаем серыю прававых дзеянняў для таго, каб атрымаць інфармацыю аб месцы пахавання, атрымаць цела і родныя маглі пахаваць Уладзіслава Кавалёва па-чалавечы. Сёння Любоў Кавалёва накіруе зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў, КДБ і старшыні Вярхоўнага суда, каб прадаставіць інфармацыю, які менавіта орган выканаў смяротнае пакаранне".
Праваабаронцы адзначаюць, што разгляд справы ў Камітэце ААН па правах чалавека — яшчэ не апошняе дзеянне. Цяпер трэба дамагацца, каб гэтае рашэнне выканалі. Таму наступным крокам будзе патрабаванне раскрыць месца пахавання.
Нагадаем, Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі расстраляныя за выбух у мінскім метро. Бацькі Канавалава дагэтуль не кантактуюць з прэсай.