Праваабаронцы патрабуюць перагляду ўсіх спраў за Плошчу
Міжнародная місія па назіранні за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі выступіла з заявай з нагоды вызвалення Саннікава.
Місія “вітае доўгачаканае вызваленне былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава і адзначае, што гэты вымушаны крок беларускіх уладаў стаў вынікам скаардынаванага міжнароднага ціску, і таму гэтае вызваленне не варта разглядаць як падставу для яго паслаблення”.
Місія “працягвае лічыць усе прысуды, вынесеныя па крымінальных справах аб падзеях 19 снежня 2010 года, палітычна матываванымі, зыходзячы з аргументаў, выкладзеных у Мемарандуме Камітэту міжнароднага кантролю за
сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ад 4 траўня 2011 года, інфармуе Радыё Свабода.
Місія “выказвае занепакоенасць лёсам іншых беларускіх апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў, у дачыненні да якіх былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды і якія на дадзены момант працягваюць знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі”.
Зыходзячы з гэтага, Міжнародная назіральная місія “патрабуе ад уладаў Беларусі старанна і неадкладна расследаваць вартыя даверу паведамленні аб прымяненні да Андрэя Саннікава катаванняў і іншага жорсткага, бесчалавечнага, зневажаючага чалавечую годнасць абыходжання; рэкамендуе дзяржавам-удзельніцам АБСЕ, а таксама грамадскім арганізацыям і групам патрабаваць перагляду спраў усіх асоб, асуджаных па справах аб падзеях 19 снежня 2010 года, і іншых незаконна асуджаных асоб з поўным захаваннем міжнародна-прававых гарантый права на справядлівае судовае разбіральніцтва”.