Прэзентацыя на Еўрарадыё: “Акустыка” ад :B:N:, частка 1 (спампаваць)

Паказаць першую частку “Акустыкі” :B:N: збіраліся месяц таму. Але адклалі прэзентацыю:

“Давялося пачакаць, пакуль вынік спадабаецца нам самім. Гэта не проста звычайная акустыка, а цікавы і складаны мікс перкусійных інструментаў, акустычных гітар і голасу, — распавядае лідар :B:N: Алесь Лютыч. — Было трэба, каб уся гэтая перкусія не проста добра гучала, але яшчэ і не рэзала вуха, і была мілагучнай”.

У першую частку “Акустыкі” увайшло 6 кампазіцый. Першая песня альбома — “Не трывай” — была абраная не выпадкова: яна не толькі “самая акустычная” на ЕР, але і задае правільны настрой усёй пласцінцы.

“Першая частка атрымалася вельмі вясновай, і гэтыя песні акурат задаюць тэмп вясне, яны атрымаліся вельмі рытмічнымі, — кажа Лютыч. — А апошняя песня гэтай часткі — “Цягнік” — нібыта падказвае, што мы рухаемся далей і працяг будзе!”

Якой будзе другая палова альбома, музыкі трымаюць у сакрэце. Гурт вырашыў узяць паўзу на летнія вакацыі ды скончыць працу над альбомам восенню.

Нагадаем, штуршком для запісу акустычнай праграмы стаў адзін з канцэртаў у Мінску. На ім музыкі ўпершыню сыгралі вядомы хіт “Не трывай” у unplugged-версіі. Фанаты прынялі песню вельмі цёпла, і музыкі вырашылі ўзяцца за паўнавартасную акустычную праграму. Усе песні для будучай “Акустыкі” Алесь Лютыч запісаў удваіх з бубначом гурта Змітром Харытановічам. Музыкі акцэнтуюць увагу на тым, што акустычны праект ідзе паралельна з творчасцю :B:N:, ніяк не шкодзячы, а наадварот, дапаўняючы і пашыраючы кола прыхільнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі