Прычынай дыпламатычнай вайны паміж Мінскам і Кіевам быў шпіянаж?
Такую версію вылучае ўкраінскае выданне “Люстэрка тыдня”.
Раней менавіта праз гэтую газету прайшла навіна, што Беларусь і Ўкраіна ўзаемна выслалі дыпламатаў. У якасці адной з версій канфлікту разглядаліся абразы з боку Аляксандра Лукашэнкі. У канцы красавіка ён назваў украінскае кіраўніцтва “вашывым”. Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч перадаў праз сваіх афіцыйных асобаў адказ Лукашэнку. Сутнасць яго невядомая, але менавіта пасля гэтага з Мінска выслалі двух ўкраінскіх ваенных дыпламата. Кіеў прыняў аналагічныя меры ў адказ.
Але насамрэч праблема была не ў гэтым. Па версіі “Люстэрка тыдня”, беларускія спецслужбы займаліся вербоўкай украінцаў. На гэты конт Кіеў нават неаднойчы перадаваў Мінску ноты.
Разам з тым “шпіёнская гісторыя” не будзе мець сур’ёзных наступстваў. Бакі не захочуць ускладняць канфлікт, піша “Люстэрка тыдня”.