Зрабіць новы прыпынак каштуе… 5 тысяч долараў!
Прыпынкі па 4 тысячы долараў прастаялі ўсяго тры гады.
“Мы ж нядаўна мянялі прыпынкі”, - усё разумее намеснік дырэктара “Гаррэмаўтадор” Мінгарвыканкама Анатоль Жамоздзік.
Сапраўды, усяго тры гады таму ў Мінску памянялі прыпынкі грамадскага транспарту. Але наперадзе Чэмпіянат свету па хакеі…
Анатоль Жамоздзік: “Увесь жа горад рыхтуецца да Чэмпіянату свету… Таму да Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе хутчэй за ўсё нейкая часта прыпынкаў памяняецца”.
Увогуле, прыпынкі ў Мінску мяняюць чацвёрты раз за апошнія 10 год! Новы прыпынак усталявалі на вуліцы Янкі Купалы, насупраць будынку былой 2-й клінічнай бальніцы. Другі – каля Дому ветэранаў.
Пакуль гэта эксперыментальныя узоры, тлумачаць улады. Калі яны пройдуць выпрабаванні і спадабаюцца людзям, то іх заменяць па ўсёй цэнтральнай частцы Мінска.
“Рэмаўтадор” Цэнтральнага раёна: “…як дадуць ацэнку людзі, якія карыстаюцца грамадскім транспартам, якія будуць ездзіць і будуць стаяць. Як пад дажджом стаяць – зручна-нязручна? А пад снегам?.. Яны павінны прайсці асенне-вясенне-зімне-летні перыяд… Пабачым, як сябе праявяць”.
Прыпынак каля дома Ветэранаў вырабіла прадпрыемства “Апекс”. Як даведалася Еўрарадыё, новы прыпынак каштуе… 5 тысяч долараў!
“Мы прапанавалі гораду замяніць свае старыя прыпынкі на новыя”, - кажа дырэктар фірмы “Апекс” Сяргей Марушчак. Рабілі прыпынкі на ўласнай вытворчасці, - імпартная там толькі фарба… Ну, і метал у Беларусі не вырабляюць, прывезлі метал. Але шкло беларускае, падсветка – беларуская, усё куплялі тут…”
Нечакана ён параўноўвае новы прыпынак… з Айфонам!
Еўрарадыё: Чаму ўвогуле вырашылі замяніць прыпынкі?
Сяргей Марушчак: А чаму людзі мяняюць тэлефоны на новыя? Вось цяпер пайшлі прыгожыя Айфоны! Новы дызайн… Так і мы стараемся адпавядаць…
Падобна, што людзям больш даспадобы новы варыянт. Пра стары яны ўвогуле думаюць дрэнна.
“Гэта добрая… Паглядзіце, якая трывалая. А тую што – вецер сагнаў?”, - жанчына на прыпынку чакае 57 аўтобус. І скардзіцца, што раней прыпынкі былі зусім нязручныя.
“А я думала, што быў моцны вецер і яе знесла… Гэта больш зручная. Па-першае, ведаеце што, не шатаецца, як раней, цэлае шкло, а там паўсюль дзіркі былі. І калі вецер, то такое ўражанне, што зараз усё гэта паламаецца! Там не тое слова, вялікія дзіркі былі! Гэты прыпынак добры. Нейкі ён утульны. Тут усё закрытае, не дзьме. А гэтыя з дзіркамі – нікуды не гадзяцца!”.
Малады хлопец кажа, што прыпынак прыгожы, але дах – празрысты, таму летам будзе пячы сонца. А зімой – холадна сядзець на жалезнай лаўцы.
“Зімой, можа, і не пасядзіш, а цяпер – цярпіма, трэба цяплей апранацца!”, - парыруе жанчына.
Даведаўшыся, што прыпынкі мяняюць да Чэмпіянату свету па хакеі, хлопец прапанаваў свой варыянт… Паставіць прыпынкі ў форме хакейных варотаў, побач заліць лёд, і выдаваць талончыкі ў выглядзе шайбы.
Фота: dengi.onliner.by