Прысуд Юліі Цімашэнцы можа быць перагледжаны
У гэтым упэўненыя ўкраінскія эксперты.
У прыватнасці, палітолаг Дзмітрый Выдрын лічыць, што дзеля гэтага на ўкраінскую ўладу будзе ажыццяўляцца міжнародны ціск.
Выдрын: "Існуе вельмі вялікая зацікаўленасць геапалітычных гульцоў з аднаго і з іншага бакоў. Таму будзе беспрэцэдэнтны ціск, каб гэты прысуд быў дэнансаваны або якім-небудзь чынам абскарджаны".
На ягоную думку, такія патрабаванні спачатку выставіць Расійская Федэрацыя, а потым ужо і краіны Еўропы. Ні Расія, ні Захад не зацікаўленыя ў такім прысудзе, адзначае Выдрын.
Не выключана, што жорсткі прысуд Цімашэнцы справакавалі людзі з асяроддзя Віктара Януковіча, якія хочуць сарваць падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Такое меркаванне выказвае навуковы кіраўнік Школы палітычнай аналітыкі Нацыянальнага ўніверсітэта "Кіева-Магілянская акадэмія" Аляксей Гарань.
Гарань: "Я думаю, ёсць у асяроддзі людзі, якія вельмі хацелі сарваць падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам, якія жадаюць павярнуць Украіну ў расійскім напрамку. І справу Цімашэнкі яны маглі б выкарыстоўваць якраз дзеля гэтага".