Пуцін: Сацыяльныя сеткі пераўтварыліся ў інструмент міжнароднай палітыкі
У чарговым перадвыбарчым артыкуле кандыдат у прэзідэнты Расіі прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін разважае пра значэнне сацсетак.
"Можна сказаць, што Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, мабільныя тэлефоны і г. д. пераўтварыліся — разам з тэлебачаннем — у эфектыўны інструмент як унутранай, так і міжнароднай палітыкі", — піша Пуцін на старонках газеты "Московские новости". Паводле яго слоў, сацыяльныя сеткі — гэта "новы фактар, які патрабуе асэнсавання, у прыватнасці, для таго, каб, прасоўваючы і далей унікальную свабоду зносін у Інтэрнэце, зменшыць рызыку яго выкарыстання тэрарыстамі і злачынцамі".
Нагадаем, у нядзелю ў Маскве і іншых гарадах Расіі прайшла чарговая антыпуцінская акцыя, арганізаваная найперш праз сацыяльныя сеткі. У расійскай сталіцы ў ёй удзельнічалі некалькі дзесяткаў тысяч чалавек.