Работніцам “Дываноў Брэста” прапануюць збіраць камяні, перабіраць металалом
Так на камбінаце змагаюцца з "няпоўнай занятасцю" работнікаў.
На гэтым праблемным прадпрыемстве рабочыя не працуюць з красавіка, кажа работніца камбіната Алена Пятроўна. Днямі іх выправілі ў адпачынак. Кожнаму далі частку адпускных — 800 тысяч рублёў. А таксама прапанавалі падпрацоўку ў сельгаспрадпрыемствах і арганізацыях.
Алена Пятроўна: "Абяцалі нармальную працу — ніякіх збораў камення. Калі каму спадабаецца, можна застацца. І вось прыклад: “Збор камення. Сартаванне металалому”. Гэта нармальная работа? Напэўна, думаюць, калі мы сядзім за 300 тысяч у месяц, і людзям трэба сплачваць крэдыты за кватэры, дык пойдуць. Перабіраць металалом — колькі яны казалі? 30 тысяч у дзень. Ад восьмай ранку да сёмай вечара".
Па словах работніцы, абяцаныя за травень 300 тысяч рублёў яшчэ не далі. Начальства паведаміла работнікам, што працы можа не быць і праз месяц, бо няма сыравіны, а на яе закуп не далі крэдыт.
Дарэчы, каля ўваходу на прадпрыемства — аб’явы-засцярогі ад рабскай працы за мяжой.