Рагачоўскі выканкам прыватызуе герб горада (дакумент)
За выкарыстанне афіцыйнай сімволікі горада на сайце апазіцыянеру Дзянісу Дашкевічу пагражаюць адказнасцю.
Пра гэта рагачоўскі актывіст даведаўся з ліста, які даслала яму мясцовая адміністрацыя. Чыноўнікі заявілі, што незалежнаму сайту vrogacheve.ru забараняецца выкарыстоўваць на сваёй старонцы герб горада Рагачова без афіцыйнага дазволу райвыканкама. Апошні час для зняцця герба з сайта — 14 снежня. Дакумент падпісаны намеснікам старшыні Рагачоўскага райвыканкама Васілём Каральчуком.
Сам Дашкевіч у каментары праваабарончаму сайту "Вясна" адзначыў, што на партале vrogacheve.ru выкарыстоўваецца не зусім той самы герб Рагачова, пра які дбае мясцовы райвыканкам. На сайце рог светла-шэрага колеру, а афіцыйная выява – чорны рог на жоўтым фоне, таму фармальна парушэння няма.
Акрамя таго, артыкул 7 Закона аб аўтарскіх і сумежных правах кажа, што афіцыйныя геральдычныя сімвалы не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскага права. Гэта значыць, што іх выкарыстанне без спецыяльнага ўзгаднення не забароненае.