Раманчук не разглядае магчымасці выхаду з АГП

7 лютага нацыянальны камітэт Аб'яднанай грамадзянскай партыі на пашыраным паседжанні аднагалосна выказаў недавер Яраславу Раманчуку.

"Пасля гэтага вотуму недаверу Раманчук de facto не будзе выконваць абавязкаў намстаршыні АГП. Але de jure ён будзе лічыцца ў партыі да з'езду", — распавёў Еўрарадыё ганаровы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч.

Такім чынам, "недавер" не азначае аўтаматычнага выключэння Раманчука з партыі.

"Трэба паглядзець, — адказаў у жывым эфіры Еўрарадыё на пытанне наконт свайго магчымага сыходу з АГП Яраслаў Раманчук. — Калі мэтазгодным я палічу вызваленне Анатоля Лябедзьку і іншых сяброў праз іншую дзеянасць, безумоўна, я не буду супярэчыць і ўносіць раскол. Мне вельмі важна, каб партыя захавалася, каб яна працягвала развівацца, нават калі ў яе іншая пазіцыя. Я падпарадкоўваюся нормам унутрыпартыйнай дэмакрацыі. Сёння шмат праз якія шляхі, механізмы можна выяўляць сваю пазіцыю, яна ў мяне нязменнай засталася, таму працы хапае".

Яраслаў Раманчук прыняў рашэнне Нацыянальнага камітэта АГП спакойна, нібыта чакаў яго.

"Паколькі АГП арыентуецца сёння на сегмент дэмакратычных колаў, аб'яднанне дэмакратычнай апазіцыі, яны, думаю, і не маглі прыняць іншага рашэння, бо трэба было адмежавацца ад таго, што з'яўлялася маёй прыватнай пазіцыяй для таго, каб павяліцыць магчымасць для ўсіх".

Відавочна, для Яраслава Раманчука выказаны недавер з боку Нацыянальнага камітэта АГП змяніў няшмат. Па словах палітыка, сёння ён па-ранейшаму ўпэўнена адчувае сябе намеснікам старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі і не разглядае магчымасцяў выхаду з АГП:

"Сёння гаворка пра гэта не ідзе. Я застаюся сябрам АГП, збіраюся канцэнтравацца на працы ў Цэнтры Мізеса. Шмат ёсць ідэяў, каб рыхтаваць сябраў дэмакратычных партыяў да парламенцкай кампаніі, каб фарміраваць пазітыўную альтэрнатыву. Менавіта тыя рэчы, якія патрэбныя сёння Беларусі, каб пашырыць кола прыхільнікаў пераменаў", — дадаў палітык.

Фота: www.svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі