Разгляд справы брэсцкага актывіста перанесены
Віталь Коўш хадайнічаў пра больш дэталёвае азнаямленне з матэрыяламі справы. Пэўны час справа знаходзілася ў пракуратуры і магла папоўніцца новымі матэрыяламі.
Суддзя Брэсцкага раённага суда Мікалай Сенька задаволіў хадайніцтва і перанёс разгляд справы на 11 гадзін 27 снежня.
Нагадаем, 28-гадовага Каўша вінавацяць у тым, што сёлета ў траўні ён дапамагаў групе індусаў па канаце пераправіцца цераз беларуска-польскую мяжу. Там іх чакаў супольнік Каўша.
Два з васьмі індусаў пасля дэпартацыі з Беларусі перад камерай далі паказанні, што іх прымусілі ўзвесці паклёп на невядомых ім людзей. Ролік быў распаўсюджаны ў сеціве ўкраінскім выданнем "Корреспондент.net". Ці далучаць гэтае сведчанне да матэрыялаў справы, можа стаць вядома 27 снежня.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, Віталь Коўш быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, удзельнічаў у шэрагу палітычных кампаніяў у Брэсце.
Фота — vsluh.ru