На рок-караоке незабароненыя спявалі песні забароненых
Выкананне песень беларускіх выканаўцаў у фармаце караоке набірае папулярнасць.
Ужо трэці раз у клубе Графіці рок спявалі ў караоке. Ахвотных выканаць любімыя песні было так шмат, што месца на паперцы замоваў скончылася, і давялося весці запіс на сурвэтках. Не ўсе аматары заспяваць патраплялі ў ноты, але гэта мала каго спыняла - за мікрафоны ледзь не біліся.
"Гэта ж рок-караоке! Галоўнае – сабрацца разам і паспяваць. І не важна нават, што табе мядзведзь на вуха наступіў. Ты спяваеш, і табе весела. Рок-караоке ў нас – рэдкая з'ява, калі спяваеш, сыходзяць адмоўныя эмоцыі, - распавядаюць дзяўчаты, якія выйшлі аддыхацца на вуліцу. - Касіяпея нашмат бліжэй чым Кіркораў. Я не ўмею спяваць, але ўсё адно спяваю. Хочацца, каб было больш песень нашых гуртоў і расійскіх, каб хлопцы развіваліся і рабілі новыя фанаграмы".
Наведаць рок-караоке можна кожную апошнюю суботу месяца. Спачатку публіцы прапаноўвалі спяваць толькі замежныя песні, бо беларускіх проста не існавала ў караоке-фармаце. Цяпер, дзякуючы імпэту стваральнікаў рок-караоке ў Графіці з’явіліся мінусоўкі беларускіх выканаўцаў, напрыклад, "RоckerJoker" і "Нейра Дзюбель".
"Колькасць людзей павялічылася, бо раней былі ў плэйлісце ў асноўным англамоўныя кампазіцыі, і людзі саромеліся ці то свайго вымаўлення, ці то ведання мовы. Спявалі ўсяго 3 чалавекі. Зараз з'явіліся беларускія і рускія кампазіцыі. Людзі больш ахвотна спяваюць на мове, на якой размаўляюць і думаюць", - распавядае адміністратар Графіці Аляксей.
Арганізатар караоке Ілля Маліноўскі абяцае, што неўзабаве плэй-ліст папоўніцца песнямі іншых беларускіх выканаўцаў. Ужо пагадзіліся даць свае студыйныя фанаграмы "Крамбамбуля", "Botanic Projekt", "Серебрянная свадьба", "Крама", "Палац" і "Clover Club".
"Яны будуць абавязкова, але з часам, бо гэта ўсё вельмі складана - гэта рукамі ўсё трэба рабіць, прастаўляць тэкст, каб ён супадаў з фанаграмай. Я ўпершыню ўбачыў рок-караоке ў Польшчы. Потым залез у інтэрнэт і прачытаў, што гэта папулярна ва ўсім свеце. У той жа Англіі жывыя гурты-кавершчыкі маюць спіс песень, якія могуць сыграць, і кожны чалавек, які замаўляе песню - выходзіць на сцэну і ператвараецца ў вакаліста гурта".
Паспяваць на рок-караоке, дарэчы, завітвалі і прафесійныя музыкі - "The Road dogs", "Botanic Projekt", Каця Пытлева і Аляксандр Памідораў. У планах арганізатараў - запрашаць на караоке музыкаў, песні якіх ёсць у плэйлісце. Некаторыя з іх, дарэчы, не маюць магчымасці выступаць у Беларусі.