Рубінаў: “Свайго дэпутата не памятаю, шчыра скажу”
Ці ведаюць высокія чыноўнікі імёны “сваіх”, пакуль дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў?
Прэс-сакратар кіраўніка краіны Павел Лёгкі шчыра прызнаецца, што прозвішча “свайго” дэпутата Мінгарсавета не ведае, а вось Палаты прадстаўнікоў называе адразу.
Павел Лёгкі: “Я мясцовага "свайго" дэпутата, які ў гарадскім савеце, не ведаю. А ў Палаце прадстаўнікоў, канешне, ведаю. І вы яго таксама добра ведаеце, бо ён узначальвае Камісію па міжнародных справах — Віталь Бусько”.
Падчас выбарчай кампаніі, прыгадвае Лёгкі, нават уважліва прачытаў яго перадвыбарную праграму. Але што там абяцаў кандыдат у дэпутаты — не памятае. Звяртацца да дэпутата па дапамогу ў якасці звычайнага выбаршчыка Лёгкаму не даводзілася. Таму і не ведае, што са сваіх абяцанняў чатырохгадовай даўніны Бусько выканаў, а што — не. Але калі той наважыцца ізноў балатавацца, то прэс-сакратар прэзідэнта абавязкова гэтым пытаннем пацікавіцца.
Павел Лёгкі: “Калі ён зарэгістраваўся зараз кандыдатам, то, адпаведна, будзе ад мяне пытанне: вы дастаткова працяглы час выконвалі дэпутацкія паўнамоцтвы — што вы зрабілі з таго, што вы абяцалі? А, можа быць, звыш за тое — давайце зараз паглядзім і параўнаем”.
Памятае "свайго" дэпутата і намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Андрэй Тур. Хутчэй за ўсё...
Еўрарадыё: “Вы памятаеце прозвішча таго дэпутата Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў мандат на вашай акрузе?”
Андрэй Тур: “Канешне!”
Еўрарадыё: “І як яго прозвішча?”
Андрэй Тур: “...” (пасля паўзы пайшлі кароткія гудкі)
А вось старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў “свайго” дэпутата... не памятае!
Анатоль Рубінаў: “Не памятаю, шчыра вам скажу! Людзі для мяне былі незнаёмыя, але я арыентаваўся па тых звестках, якія там былі напісаныя. Асноўная арыенціроўка для мяне: чалавек павінен працаваць дзесьці ў рэальным жыцці. Ці то на вытворчасці, ці выкладаць, але ён павінен дзесьці працаваць. Каб ён з жыцця прыйшоў, ведаў гэта жыццё — гэта галоўнае для мяне”.
Што да перадвыбарных абяцанняў, то, маўляў — а што кандыдат у дэпутаты можа паабяцаць? Галоўнае, каб чалавек быў харошы!
Анатоль Рубінаў: “Ну, якія абяцанні можа чалавек даць?! Самае галоўнае, каб чалавек быў вопытны, ад жыцця, прыстойны, талковы. Бо жыццё ў нас паварочваецца то адным канцом, то другім, тут трэба... А не тое што: “Я вам паабяцаў!” А што ён можа паабяцаць? Што можа такога ўжо дэпутат паабяцаць? Што дарогу ў вас адрамантуе? Дык гэтым мясцовыя органы ўлады займаюцца”.
А дэпутат павінен добрыя законы прымаць. На карысць сваёй краіне. Праўда, з улікам таго рэгіёна, які ён прадстаўляе.
Добра ведае "свайго" дэпутата і сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. Гэта — Ігар Карпенка, які адначасова з’яўляецца намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. Што ж тычыцца выканання Карпенкам сваіх перадвыбарных абяцанняў, то Лазавік заяўляе дзіўнае: кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў... і не павінен абяцаць сваім выбаршчыкам дапамогу ў вырашэнні мясцовых праблем.
Мікалай Лазавік: “Сёння ў дэпутата няма такіх рычагоў, якія дазвалялі б яму вырашаць нейкія пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю выканаўчай улады. Ён можа праз нейкія запыты звярнуцца, пракантраляваць, як вырашаюцца тыя ці іншыя пытанні. Але наўпрост ледзь не даручэнне даць міністру ці нейкаму міністэрству вырашыць пытанні з кампетэнцыі выканаўчай улады — у дэпутата такіх правоў сёння няма”.
Таму, разважае, мала веры таму, хто абяцае падчас выбарчай кампаніі паркоўкі для аўто пабудаваць ці кватэры выдзяліць. Працай "свайго" дэпутата Лазавік задаволены. Хоць і не называе, што выклікала яго асаблівае задавальненне.
Фота: http://fota.bymedia.net/