Сайт Лукашэнкі завалены PUTIN’ым
Старонка president.gov.by недаступная болей за дзве гадзіны. У Адміністрацыі прэзідэнта заяўляюць, што гэта “часовыя цяжкасці”.
Між тым хакерскі рэсурс putinvzrivaetdoma.org абвесціў, што складанасці з доступам да сайту беларускага прэзідэнта — вынік арганізаванай DDOS-атакі. На сайце ёсць паведамленне: “Паспяхова падарваны сайт прэзідэнта Беларусі president.gov.by. Зычым беларусам хутчэйшага выхаду з крызісу і новага, адэкватнага лідара”.
Верагодней за ўсё, сервер, на якім хосціцца сайт беларускага прэзідэнта, проста не спраўляецца з вялікай колькасцю запытаў, арганізаваным зламыснікамі.
Як стала вядома інтэрнэт-газеце Naviny.by, сайт “Путинвзрываетдома” зарэгістраваны на імя Helga Putana, якая нібыта пражывае ў Маскве па адрасе вул. Леніна, 10 кв. 29. Пры рэгістрацыі сайта быў паказаны несапраўдны нумар маскоўскага тэлефона. Раней у гэтага рэсурсу ўжо былі адабраны тры даменных імя.