Сайту псеўданавінаў NewsBelarus.net — 2 гады
За гэты час інфармацыйныя хуліганы змясцілі на сваіх старонках амаль 500 абсурдных артыкулаў, створаных “па матывах” беларускай рэчаіснасці.
Іншыя медыі прынялі некаторыя такія “навіны” усур’ёз, што, на думку аднаго са стваральнікаў сайта Рыгора Пятровіча Белкі, кажа пра стаўленне да Беларусі як да краіны, у якой можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Напрыклад, сайты газеты “Московский комсомолец” і радыёстанцыі “Эхо Москвы” перадрукавалі ў сябе артыкул пра тое, што форвард зборнай Францыі па футболе Франсуа Рыберы памяняў у мінскім аэрапорце грошы па 5 тысяч за 1 еўра. Нікога не здзівіла і тое, што футбаліст вырашыў тут жа запытацца ў журналістаў, дзе ў беларускай сталіцы самыя танныя прастытуткі.
“NewsBelarus.net дэканструюе палітычны і сацыяльны дыскурс Беларусі. Мы бярэм рэальныя навіны і робім на іх падставе свае на той жа мове, карыстаючыся тым жа стылем, тымі ж вобразамі і структурамі, але разбураючы сэнс. Гэта дазваляе паглядзець на рэальныя навіны крытычна”, — фармулюе творчую канцэпцыю рэсурса рэдактар сайта Валера Асіпчык.
На Дзень народзінаў каманда NewsBelarus.net зрабіла сабе падарунак, і... праплаціла даменнае імя яшчэ на адзін год.
Сайт працягне сваё існаванне ў звыклым выглядзе. Магчыма з’яўленне новых рубрык, але якіх — не ведаюць пакуль што нават самі стваральнікі NewsBelarus.net.