Саша Варламаў 4 месяцы ляжыць у турэмнай лякарні
Ён дрэнна сябе адчувае і нават не выходзіць на прагулкі.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміла сястра мадэльера Рыма Шымчонак:
“Яму надакучыла гэта ўсё. Хоць бы нейкае рашэнне было. Апроч таго ў яго спіна баліць. Канешне, настрой у яго упадніцкі. Колькі ўжо гэта ўсё можа цягнуцца? Цяжка яму там. Цяпер вось чамусьці не піша. Раней амаль кожны дзень атрымоўвалі лісты акрамя выходных. Можа яму цяпер не вельмі добра”.
У турэмную лякарню Варламава змясцілі ў жніўні. Па словах Рымы Шымчонак, ён не ходзіць на прагулкі, бо баліць спіна. А на прагулках няма дзе прысесці. Апошні ліст да сваякоў мадэльер дасылаў перад Новым годом. Цяпер ад яго вестак няма.
Нагадаем, Саша Варламаў ужо 9 месяцаў знаходзіцца за кратамі. Ад пачатку яго вінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. У лістападзе на дызайнера пачалі яшчэ дзве справы — за перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці, а таксама за махлярства.
Тэрмін знаходжання яго пад вартай сканчваецца 19 лютага.
Фота: diva.by