Сёння хрысціяне адзначаюць Дзень Святой Тройцы
Сёлета гэта свята супала ў праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў.
Згодна з Бібліяй, калі надышоў пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня, апосталы, што жылі разам у Іерусаліме, пачулі шум з неба, які напоўніў увесь дом, дзе яны знаходзіліся, а на саміх вучнях спачылі вогненныя языкі. Так сышоў на апосталаў Святы Дух і даў ім магчымасць прапаведаваць на розных мовах.
У праваслаўных храмах на Тройцу, або Пяцідзясятніцу адбываецца адно з найбольш урачыстых набажэнстваў. Іконы ўпрыгожваюць бярозавымі галінкамі, а колер адзення святароў — зялёны, што паказвае абнаўленчую моц Святога Духа. Дарэчы, гэта яшчэ і свята галоўнага праваслаўнага храма беларускай сталіцы — Свята-Духава кафедральнага сабора, а таксама каталіцкага касцёлу Найсвяцейшай Тройцы.