"Рэал" адабраў у "Барселоны" Суперкубак Іспаніі (відэа)
Рашаючы матч прайшоў на мадрыдскім стадыёне "Санцьяга Бернабеў".
Нагадаем, у першым матчы "Барселона" на "Камп Ноў" перамагла "Рэал" — 3:2. Два галы, забітыя на чужым полі, і дапамаглі мадрыдцам выйграць Суперкубак Іспаніі.
У другім матчы большую частку першага тайма "Рэал" дамінаваў на полі, бясконца атакаваў, бег у імклівыя контратакі. "Барселона" ў тыя хвіліны была проста змятая, абарона рабіла шматлікія памылкі. Мадрыдцы забілі два галы (Ігуаін на 11-й хвіліне і Раналда на 18-й), забілі і трэці, які не быў залічаны арбітрам. А на 28-й хвіліне выдалілі Адрыяну і "Барселона" засталася ў меншасці...
Толькі ў канцы тайма, калі гаспадары поля супакоіліся, "Барса" ажыла і пачала больш кантраляваць мяч. Месі на 45-й хвіліне забіў прыгожы гол са штрафнога — 2:1. У другім тайме была роўная гульня, моманты мелі абедзьве каманды ды не хапала майстэрства і ўдачы, добра гулялі і брамнікі.
Летась Суперкубак выйграла "Барселона". Пасля баявой нічыі ў Мадрыдзе — 2:2, "Барса" атрымала перамогу на сваім полі — 3:2 (як і сёлета).
Адзначым, што "Рэал" — чэмпіён Іспаніі, "Барселона" — ўладальніца кубка краіны.
Фота — daylife.com