Севярынец: У следчым ізалятары КДБ мяне хацелі ажаніць
Палітык, які адбывае "хімію" на Пружаншчыне, распавёў, што падчас зняволення да яго даходзілі лісты толькі ад дзяўчат.
Нагадаем, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец атрымаў 3 гады папраўчых прац за ўдзел у Плошчы. Гэты тэрмін ён адбывае ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, працуе ў фермерскай гаспадарцы.
У Купліне “працы многа, асабліва зрання, але ў параўнанні з Сітнам (на Віцебшчыне, дзе ён адбываў папярэднюю "хімію" — Еўрарадыё) — неба і зямля”. Што да дзяўчат, то…
Павел Севярынец: “Дзяўчаты не прыходзяць. Палымяныя рэвалюцыянеркі… Не, пішуць лісты або тэлефануюць, у асноўным. У следчым ізалятары КДБ мяне хацелі жаніць — прапускалі лісты толькі ад дзяўчат, якія пісалі пяшчотныя лісты.
Тут, канешне, лепш (чым у Сітна — Еўрарадыё). Тут Заходняя Беларусь. Тут людзі пасля заробку пад плотам не валяюцца. “Максімка” (метылавы спірт з Расіі — Еўрарадыё) сюды, на жаль, таксама дайшоў, але ён экзотыка”.