Шаблінскі: А трэба перамешваць музычныя культуры!

120719 Sviardlou_Festy.mp3

На фэст “Шаманы” у Беларусь прыехалі чатыры этна-гурты з Літвы, Латвіі і Расіі, назвы якіх публіцы амаль нічога не казалі. Хіба што ў хэдлайнера фэста ― піцерскага гурта Ole Lukkoye ― былі персанальныя фанаты… Мерапрыемства хаця і не правалілася, але арганізатару ― прамоўтэру Уладзіміру Шаблінскаму ― прынесла страты.

Да таго ж, у гледачоў узніклі лагічныя пытанні. Ці не лепш было ўзяць тры такія ж невядомыя, але не менш “шаманскія” беларускія групы? І, напрыклад, “Троіцу” у якасці хэдлайнера. Хіба не знайшлося сярод нашых музыкаў ахвочых пашаманіць?

“А трэба перамешваць музычныя культуры. Бо зямля, паветра ― яны выхоўваюць! Энергія поля, энергія зямлі тут ― нашая, беларуская. А мне заўжды было цікава прывозіць у Беларусь невядомыя энерганосьбіты. У дадзеным выпадку ― культурныя! Проста іншая музыка, іншае ўспрыняццё свету. І музыка іх ― гэта тое, чаго ў Беларусі няшмат”, ― адказвае Уладзімір Шаблінскі.

Прамоўтэр мае рацыю. І беларускія музыкі, і беларускія гледачы ізаляваныя ад Еўропы эканамічнымі і візавымі абмежаваннямі. Паслухаць, чым дыхаюць буйныя музычныя фестывалі Старога свету, могуць дазволіць сабе адзінкі. Таму іх удзельнікаў трэба цягнуць у Беларусь усімі праўдамі і няпраўдамі, разважыла Еўрарадыё. І вырашыла праінспектаваць беларускія летнія open air’ы ў пошуках еўрапейскіх музыкаў. А асаблівую ўвагу надаць indie-артыстам.

Некаторыя фэсты, такія, як ПІКНІК.BY ды “Рок за Баброў”, ці цалкам абстрагаваліся ад запрашэння замежнікаў, ці абмежаваліся музыкамі з Расіі. Што да згаданага піўнога фэсту, дык на яго польскім аналагу сёлета выступаюць Bjork і Franz Ferdinand. А ў Беларусі ― “Градусы” і “Горад 312”

Абсалютнае лідарства па колькасці замежных удзельнікаў маюць электронныя фэсты. Сёлета на Global Gathering да Мінска даехаў нават актуальны галандскі дыджэй Tiёsto. Але дыджэйская культура, хутчэй, універасльная чым своеасаблівая. Яна не мае ні геаграфічных межаў, ні геаграфічнай прыналежнасці. Таму тут весці размову пра культурны абмен складана.

Самы прадстаўнічы па еўрапейцах альтэрнатыўны фэст пройдзе пры канцы лета ў “Шаблях”. На “Вольнае паветра” прыедзе процьма гасцёў са Старога свету. Распавядае адзін з арганізатараў мерапрыемства Саша Багданаў.

Саша Багданаў: “У якасці хэдлайнера выступіць альбо гурт "Хуун-Хуур-Ту" з Тувы, альбо гурт Mad Professor з Англіі. Таксама будуць гурты з Францыі, Украіны, Расіі, Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Гэта ўсё будуць гурты, якія спалучаюць у сваёй творчасці этнічныя матывы з сучаснымі музычнымі тэндэнцыямі”.

Ізноў шмат не самых вядомых назваў. Лідар гурта Re1ikt Саша Дземідзенка ўпэўнены, што гэта не так ужо і добра. Адкрываючы еўрапейцам дарогу на свае open-air’ы, мы, натуральна, з аднаго боку культурна адукоўваемся. Але з іншага боку ― пазбаўляем сцэны уласных музыкаў, якія таксама маюць неабходнасць у тым, каб іх “адкрылі”:

Аляксандр Дземідзенка: “Проста трэба даваць ім нейкі стымул для развіцця. Бо як пісьменнікам вельмі цяжка пісаць у стол, так і музыкам невыносна граць толькі на рэпетыцыях. Ім трэба мець мэту. Каб яны ведалі: мы рыхтуемся да фестываля, мы рыхтуемся да нейкага мерапрыемства. Каб была планка, да якой трэба імкнуцца, якую трэба дасягнуць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі