Шэсце на Дзяды ў Курапаты ў Мінску (фота, відэа)
Акцыя скончылася без затрыманняў ці іншых інцыдэнтаў.
15.15 Мітынг у Курапатах доўжыўся 20 хвілінаў. Ён пачаўся прыкладна і 14.35 і скончыўся каля 15.00. Выступалі прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
Усяго ў сённяшняй акцыі бралі ўдзел каля 500 чалавек. Яны прайшліся калонай ад станцыі метро “Парк Чэлюскінцаў” да ўрочышча Курапаты. Традыцыйны маршрут шэсця мае працягласць у 10 кіламетраў.
Акцыя была дазволеная, пра затрыманні ды іншыя інцыдэнты не паведамляецца.
14.35 Фотарэпартаж Еўрарадыё — шэсце на Дзяды на праспекце Незалежнасці ў Мінску:
14.25 Галава калоны з удзельнікамі шэсця дайшла да Курапатаў. Чакаюць, пакуль да месца мітынгу падцягнуцца ўсе ўдзельнікі. Нагадаем, што яго пачатак а 15.00. Сярод прысутных заўважаны паэт і лідар “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў.
13.35 На вуліцы Сядых кіроўцы віталі шэсце сігналамі аўтамабіляў, перадае "Наша Ніва".
12.55 Калона з удзельнікамі шэсця дабралася да вуліцы Каліноўскага. Міліцыя там дзе трэба спыняе рух транспарту, каб удзельнікі акцыі маглі перайсці праезную частку. Паводле назіранняў карэспандэнтаў “Нашай Нівы”, пад час руху шэсця да яго далучаюцца новыя людзі і колькасць удзельнікаў павялічваецца. Цяпер яна прыкладна такая ж, як і ў папярэднія гады.
Моладзь спявае песні — “Грай” “Ляпіса Трубяцкога” і “Пагоню” на верш Багдановіча.
Фота: svaboda.org
11.40 Шэсце ў Курапаты рушыла ад Гадзіннікавага заводу
У руках удзельнікаў акцыі з’явіліся плакаты з патрабаваннямі вызваліць палітвязняў.
У шэсці ўдзельнічаюць былы палітвязень Сяргей Каваленка з жонкай, а таксама вядомыя палітыкі, у тым ліку Рыгор Кастусёў, Юрась Беленькі, Алег Трусаў, Артур Фінькевіч, Віталь Рымашэўскі, перадае Радыё Свабода.
Разам з памінальнымі крыжамі людзі нясуць бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама сцягі БХД, “Маладой Беларусі”, Еўрасаюза.
Маладыя людзі на чале з Алегам Корбанам разгарнулі плакаты супраць будаўніцтва забаўляльнага цэнтра каля Курапатаў: "Бульбаш-хол у пекла з чарцямі", "Стоп будаўніцтву бардэля", "Ганьба", перадае “Наша Ніва”. Паводле выдання, сёлетняе шэсце самае малаколькаснае: на пляцоўку каля Гадзіннікавага заводу прыйшло прыкладна 400 чалавек.
10. 40 А 10.30 прызначаны збор удзельнікаў акцыі калі метро “Парк Чэлюскінцаў”. Само шэсце ва ўрочышча Курапаты пачнецца аб 11.00 і адбудзецца па традыцыйным маршруце: праспект Незалежнасці — вуліца Каліноўскага — вуліца Сядых — вуліца Карбышава — вуліца Гамарніка — вуліца Мірашнічэнкі.
Мітынг у Курапатах павінен пачацца а 15.00.