Шпілеўскі: У Глеба былі прапановы нават з Амерыкі

Вядомы беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб падпісаў кантракт з самарскімі “Крыламі Саветаў”. У расійскім клубе футбаліст можа правесці 12 гульняў, бо кантракт разлічаны на 3 месяцы. Агент спартоўца Мікалай Шпілеўскі распавядае Еўрарадыё, чаму Глеб абраў менавіта “Крылы Саветаў”.

Мікалай Шпілеўскі: Чаму менавіта “Крылы Саветаў”? Таму што з Сашам ніколі не бывае проста. З “Барселонай” 30-га студзеня ў апошні дзень быў разарваны кантракт толькі таму, што ў нас было стоадсоткавае пагадненне з грэцкім “Алімпіякасам”. Таму Саша пайшоў на гэта, 30 студзеня зрабіўшы сябе свабодным агентам. Бо калі б любая іншая каманда звярнулася да “Барселоны” з мэтай набыцця яго трансфера, цана была не менш за 5 мільёнаў еўра.

Зразумела, што ўлетку, у наступны трансферны перыяд, Саша мог і так стаць свабодным агентам. Гэта не задавольвала нікога, у тым ліку “Барселону”. Але іспанскі клуб да апошняга дня трымаў паўзу. Трэба аддаць належнае нашым юрыстам, якія запэўнілі “Барселону” у тым, што Глеб мусіць стаць свабодным агентам менавіта ў гэты перыяд. Супольнае рашэнне прынялі ўсе, разам з маім партнёрам Улі Ферберам. Глебам цікавіліся шмат якія каманды, але мы не змаглі і фізічна, і чыста па часе зрэалізаваць гэты шанец.

Еўрарадыё: Няўжо самарскі клуб прывабіў Глеба звышвыгоднымі фінансавымі ўмовамі?

Мікалай Шпілеўскі: Былі сур’ёзныя прапановы з Еўропы. Але ў нас заставалася толькі 24 гадзіны, каб зрэалізаваць такі праект, бо закрывалася трансфернае акно. Узніклі варыянты – нават з Амерыкі быў варыянт. У гэтай сітуацыі актывізавалася ўся мэнэджарская кампанія. Той жа Яўген Гайдук, які згуляў не апошнюю ролю ў гэтым пераходзе, і з якім у Сашы добрыя адносіны. Маніторылі ўсе магчымыя варыянты. Менавіта “Крылы Саветаў” задаволілі Аляксандра на гэтыя 3 месяцы. Пасля адмовы “Алімпіякаса” Еўропа аказалася для нас зачыненай. А калі сядзець без справы паўгода, то гэта магло скончыцца дрэнна. Заўтра Саша вылятае ў Галандыю, дзе далучыцца да новай каманды.

Трэба адзначыць, што пасля цяжкай траўмы Саша знаходзіцца цяпер у сваёй топавай форме. Так, былі сумневы ў некаторых, што Глеб ужо не той. Яшчэ раз паўтару: Глеб менавіта той і будзе яшчэ лепшы. Быў цяжкі перыяд, але чалавек знайшоў час пакапацца ў сабе ды прызнаць, што ў некаторых момантах ён не меў рацыі. І тое, што Глеб быў абавязаны гуляць у “Барселоне”, усе выдатна ведаюць. Не хацелася б уваходзіць ў гэтыя падрабязнасці – калі-небудзь Саша сам усё прааналізуе.

Гэта нялёгкая сітуацыя, у якой ён знаходзіўся апошні год, магчыма, пойдзе яму на карысць. Чалавек сёння гарыць гуляць у футбол, у яго з’явілася матывацыя, і яму абсалютна ўсё адно, дзе гуляць. І “Крылы Саветаў” гэта ацанілі. Няхай гэта будзе расійскай прэм’ер-ліга – гэта таксама годная ліга. Былі свае праблемы і ў “Вольфсбургу”, дзе яго Фелікс Магат выкінуў адразу з карабля на баль. Атрымалася, што чалавек проста 6 месяцаў пакутаваў, узнаўляўся са сваім каленам – а ўсе чакалі, што ён пакажа гульню ўзроўню “Арсенала”. Патрэбнае цярпенне. Некаторыя пачынаюць мусіраваць, што гэта крок назад. Я ніколі ў жыцці так не кажу. Гэта рух па спіралі. Усе пасля гэтага 3-месячнага кантракту стане на свае месцы. І ўсе будуць шчаслівыя: і “Крылы Саветаў”, і Глеб.

Еўрарадыё: То бок Аляксандр Глеб яшчэ вернецца ў які-небудзь еўрапейскі чэмпіянат?

Мікалай Шпілеўскі: Сёння ён гулец “Крылаў Саветаў”, ён прыняў гэтыя правілы. І таму будзем ўсе з цікаўнасцю назіраць за “Крыламі Саветаў”. Я не думаю, што якая-небудзь расійская каманда магла мець у сваім складзе легендарнага футбаліста, які пагуляў у “Барселоне” і выйграў Лігу чэмпіёнаў.

Фота:  sportblr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі