З крамаў крадуць нават дзеці
З мінскіх крамаў крадуць дарослыя, бабулі і нават малыя дзеці. Выносяць шакалад, алкаголь, чырвоную рыбу, ікру, дарагі аліўкавы алей і каву.
"Іх называюць "несуны", а не "злодзеі", бо злодзеем можа назваць толькі суд. Узрост ад 5 гадоў да самых старых", — ахова ўніверсама ў цэнтры Мінска ўводзіць Еўрарадыё у курс справы.
Расказ супрацоўніка службы аховы ўніверсама ўражвае: нясуць дзеці 6 гадоў — збіраюцца ў групы па тры чалавекі і бяруць шакалад, жуйкі, цукеркі. Нясуць падлеткі 12-13 гадоў — гэтыя перапрадаюць скрадзенае за палову кошту ў шапікі на "Камароўцы".
"Дарослыя бяруць у асноўным алкагольныя напоі, чырвоную рыбу, ікру, дарагі аліўкавы алей і каву, пасля прадаюць гэта ў бліжэйшыя рэстараны", — распавядаюць у службе аховы аднаго з універсамаў.
Затрымліваюць звычайна адных і тых жа. "Працуюць" цэлыя брыгады. Адцягваюць увагу аховы. Часцей за ўсё іх цікавіць тое, што можна перапрадаць, не парушаючы ўпакоўкі. Дробныя рэчы крадуць пачкамі.
"Жуйкі мы спрабуем прымацаваць, каб не знеслі цалкам пачку. Часцей за ўсё бяруць алкаголь", — у службе бяспекі крамаў "Рублёўскі" гавораць, што шмат хто да іх прыходзяць, як на працу.
Каманда несуноў працуе так: нехта з кошыкам ходзіць па краме і набірае тавар, а потым у зоне, якая не праглядаецца камерамі, перадае яго. Калі на камеры бачна, што браў мужчына, то выносіць, хутчэй за ўсё, будзе жанчына.
"Дзеці і прафесіяналы складаюць 80%, калі ёсць клептаманы, то не больш за 1%. Таксама пенсіянеры ад безвыходнасці — яны бяруць паесці. Мы абавязаныя іх здаваць у міліцыю. Але калі бабуля 83 гадоў інвалід першай групы ўся трасецца — я ж таксама жывы чалавек, я баюся, што міліцыя не паспее даехаць, а бабулі стане кепска", — здзіўляе шчырасцю ахоўнік універсама.
У большасці затрыманых простыя адгаворкі: "забыў заплаціць", "зайшоў у краму ўжо з гэтым", "бацькі алкаголікі, а я хачу шакаладку". Прафесіяналы ніякіх адгаворак не прыдумляюць:
"Нічога не кажуць, спакойна патрабуюць выклікаць супрацоўнікаў міліцыі і ідуць разам з імі. Яны беспрацоўныя, штраф першы раз даюць да 10 базавых, але яны не аплачваюць".
А праз пару дзён ізноў у краме. У груповак нават ёсць падзел тэрыторыі. Калі ж адзін раз атрымоўваецца ўзяць па-буйному, то тры месяцы краму не кранаюць.
У крамах "Суседзі" сярод несуноў — 70% наркаманы, якім не хапае на дозу, і алкаголікі.
"За год можа трапіцца група, якая ездзіць па ўсіх гандлёвых аб'ектах горада. Але гэта ўжо спрытныя прафесіяналы, якія ведаюць, як абыходзіць антыкрадзежныя сістэмы, ведаюць, як яны працуюць. Гэта адзінкі. З большага трапляюць наркаманы і алкаголікі, часам нават прыстойныя таварышы, пачалі трапляцца старыя", — распавядаюць у службе бяспекі сеткі крамаў "Суседзі".
Не ўсіх ахова здае ў міліцыю. Старых і дзяцей адпускаюць, пасля гутаркі, калі яны трапіліся ў першы раз.
"Неяк прыходзіла дзіцё ў краму, і было настолькі галоднае, што брала 25-грамовыя пакецікі з кавай і ў куце ціхенька іх ела. Усе ж жывыя людзі, там хлопцы набылі яму нейкія прадукты і адпусцілі. Але ж паведамілі інспектару па справах непаўналетніх, бо ён павінен ведаць, што на яго тэрыторыі ёсць такія галодныя дзеці, якія ў рваных ботах у мароз спрабуюць нешта з'есці ў краме".
Колькі "несуноў" затрымоўваюць у крамах звычайна не падлічваюць — няма сэнсу. Калі ж эканамічная сітуацыя пагаршаецца, то спробаў скрасці становіцца больш.