Што падаражэла з новага года

З 1 студзеня беларусаў закрануў шэраг падаражанняў: на 20% падняліся ў кошце размовы па мабільніку, сталі даражэй медыцынскія паслугі і пацяжэла жыроўка. Еўрарадыё паглядзела, што яшчэ ўдарыла па нашым кашальку ў апошнія дні старога года і пачатку новага.
130104_savu4_ceny.mp3
Незаўважна падаражэў шэраг паслуг і забаваў. Напрыклад, у "Мінск-арэне".

“Кёрлінг з новага года 400 тысяч рублёў, а быў 260 тысяч. Мы і так адцягвалі да апошняга. Усе паслугі падаражэлі: і пракат канькоў, і арэнда дарожкі — а мы заставаліся на ўзроўні. Цяпер паднялі”, — кажуць у арэне.

Падаражэлі квіткі і ў Нацыянальны гістарычны музей, бо “нават сорамна было называць нашы кошты”.

“Дзіцячы білет каштуе пяць, студэнцкі — восем, а дарослы — 10 тысяч рублёў. Не вельмі дорага, пагадзіцеся. У філіяле, Музеі беларускай дзяржаўнасці, таксама паднялі кошты — да 20 тысяч за наведванне”.

Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Максіма Горкага пакуль кошты не падняў, але збіраецца з лютага. Падаражанне будзе ў межах 20%.

“Мы раз у год, прыкладна, паднімаем кошты. Такое жыццё, паднімаюцца кошты, нашы заробкі залежаць ад рэалізацыі білетаў, таму і падвышаем”, — кажуць у адміністрацыі тэатра.

У картынг-цэнтры “Картлэнд” кошт гадзіны павысіўся на 100 тысяч. Улетку 60 хвілінаў каштавала 250 тысяч рублёў, а цяпер — 350 тысяч!

“У нас новыя машыны, новы ўзровень, таму і кошты падвысіліся. Але ўлетку зноў будзе тое ж самае”, — абяцаюць у картынг-цэнтры.

Яшчэ адна з спецыфічных забаваў — паляванне. У дзяржгаспадарках кошты падняліся яшчэ перад сезонам, а вось прыватная паляўнічая гаспадарка “Нёман”, што пад Лагойскам, кошты падняла акурат пасля Новага года.

“Мы не арыенцір будзем. Наша гаспадарка не залежыць ад дзяржаўных пастаноў: мы самі сабе кошты падымаем. Пуцёўка каштуе 100 тысяч, а вось калі вы ўпалюеце аленя з рагамі, трэба заплаціць 4-5 мільёнаў. Кабан — ад 500 тысяч да 1,5 мільёна рублёў”, — кажуць у гаспадарцы.

Летась забіты алень каштаваў прыкладна на мільён менш, а кошт кабана пачынаўся ад 350 тысяч рублёў.

“Нават ужо на сёння ёсць жадаючыя. Гэта і не вельмі дорага”, — запэўніваюць у гаспадарцы.

На 10% падняліся кошты ў танцавальных школах.

“З першага снежня кошты паднялі, цяпер не падымалі, але прыкладна з лютага-сакавіка зноў на 10% падымем. Прыкладна гэтак жа робяць і іншыя школы танцаў”, — кажуць у танцавальнай школе “Іштар”.

Перад самымі навагоднімі святамі падняліся кошты на праезд у таксі на 26%. Як расказалі ў дыспетчарскай службе таксі “135”, да 20 снежня кошт кіламетра ў іх быў 3600, а цяпер ужо 4900 рублёў!

“Людзі як ездзілі, так і ездзяць. Нават машын не хапае”, — удакладняюць у дыспетчарскай.

Традыцыйна перад Новым годам паднялі кошты і сталічныя гатэлі. У трохзоркавай гасцініцы “Арбіта” самы просты аднамесны пакой ад 23 снежня падаражэў на 36,3 %.

“Цяпер нумар каштуе 695 000, самы просты нумар, а да падаражання — 510 000. Гэта рынкавы кошт нумара. Вы паглядзіце на іншыя гатэлі, там гэтак сама”.

Як даведалася Еўрарадыё, абанементы ў басейны і фітнэс-клубы, стаматалагічныя паслугі пакуль не падаражэлі. Але, як заўважылі ў стаматалогіі, усё будзе залежаць ад курса долара.

Табліца падаражанняў

Паслуга 

Было

Стала

Таксі 135

3600 за кіламетр

4900 за кіламетр

Паляванне на аленя (гаспадарка “Нёман”)

3-4 мільёны + пуцёўка

4-5 мільёнаў + пуцёўка

Паляванне на дзіка (гаспадарка “Нёман”)

Ад 350 000

Ад 500 000

Кёрлінг

260 000 за гадзіну

400 000 за гадзіну

Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Горкага

Падаражэнне ў межах 20%

Нацыянальны гістарычны музей, квіткі дзіцячы, студэнцкі дарослы адпаведна

2500, 3500, 5000

5000, 8000, 10000

Экскурсійнае абслугоўванне:

дзеці, студэнты

8500

12500

15000

20 000

Музей дзяржаўнасці, квіткі дзіцячы, дарослы

5000, 10000

10000, 20 000

Гасцініца “Арбіта”, аднамесны пакой

510 000

695000

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі